Home > Artykuł > У Стоўпцах на Пульве

У Стоўпцах на Пульве

Прапаную чытачам наведаць вёску Стоўпцы, якая распаложана на тэрыторыі праваслаўнага прыхода ў Тэлятычах, нурэцкай гміны. Адным з найстарэйшых жыхароў вёскі з’яўляецца Пятро Данільчук, якому сёлета спаўняецца 90 гадоў. Адведаць яго запрасіла нас дaчка Галена Датчук, якая пастаянна пражывае ў Машчоне Каралеўскай, што непадалёк Мельніка. Аматары беларускай культуры на Падляшшы ведаюць яе як кіраўнічку і душу фальклорнай групы “Навіна”.

Нарадзіўся Пятро Даніль-чук 22 жніўня 1930 г. у сям’і Антона і Тэклі з Цімашукоў са Стоўпцаў. Тэкля, 1900 года нараджэння, была старэйшай за свайго мужа на тры гады.
Хрысціў Пятра бацюшка Пётр Лагонда, якога да сёння ўс-памінаюць добрымі славамі ў тэлятыцкім прыходзе. Прыйшоў ён сюды яшчэ ў 1914 годзе з Гудзевіч ваўкавыскага павету, дзе быў псаломшчыкам. У Тэ-лятычах а. Пятра прыстала першая вайна, а летам 1915 г. пачалася бежанская гісторыя. Шчасліва перажыўшы гэты цяжкі час, вярнуўся да Тэлятыч, дзе служыў да самай смерці ў 1937 годзе.
Пахавалі яго пры тэлятыцкай царкве.
БЕЖАНСТВА
І МІЖВАЕННЫ ЧАС

Бежанства ў гадах 1915-1921 перажылі і Данільчукі. Дзядзька Пятро ўспамінае, што яго дзяды з сынамі і дачкою даехалі да Казахстану: Тато вэрнувся з братом додому, а бабка остала там з дочкою Наталіёю (татова сэстра). Вона там вышла замуж і мела дочкі Веру і Александру (вона прылетала до нас з Казахстану). Вера потуом вышла замуж на Украіну.
Калі ў жніўні 1915 года людзі выехалі ў бежанства, тут бы-лі вялікія баі паміж рускімі і нямецкімі арміямі. Памяткаю пасля тых дзён засталіся ваенныя могілкі каля Семіхоч. Для іх заснавання немцы выкарысталі вялікі курган або срэднявечнае гарадзішча. Пятро Данільчук гаворыць пра гэтыя могілкі: Як была вуйна царска, то люді побітых там возілі і закопувалі. Тогды нэ было ружніці хто е які – всіх разом ховалі, немцюв і рускіх. Там е такіе вінкі – одён пляц, другі, трэті…
Бежанцы, якія ў 1918 годзе вярнуліся ў родныя старонкі сталі сведкамі польска-савецкай вайны 1920 г. У міжваенны час ветэраны вайны, найчасцей з цэнтральнай Польшчы, атрымлівалі за свае заслугі землі ва ўсходняй яе частцы. Шмат з іх пасялілася ў Палескім ваяводстве, у якога межах былі тады Тэлятычы. Польскія асаднікі атрымалі таксама землі з былога тэлятыцкага маёнтку на Стоўпцах. І так паявіліся тут Юзвяк, Домагальскі, Кубяк, Шчур, Вішневскі, Окушко…
Дзядзька Пятро расказвае: Воны подоставалі тут кажды по 25 гэктарув зэмліе. Як прышлі в 1939 рокові советы, то іх повывозілі на Сібір. Нэкоторы посля вуйны вэрнуліся… Але часць з іх посля выехала, напрыклад Юхневіч. Як выехав вуон до Седлец, то муой тато од ёго зэмлю одкупів. Нашы людэ былі такіе покуорлівы, а тые – “по своему мусі быць”.
У міжваенны час прыбыў сюды і Пытэль з Берасця. Жыў на пагорачку, дзе стаяў вялікі дом. Да яго вяла ліпавая алея, якая і цяпер яшчэ захавалася. Пагорак спускаецца проста ў даліну Пульву, дзе бачныя сляды даўняга возера.
Пятро Данільчук успамінае: Пытэль був тутэйшы, з паньской родніе походів. Був пілётом, двуплатовым самолётом прылетав сюды з Бэрэсця. Там на згурочку быв ёго палац. Потуом там жылі іншы. Тое месце называецце Пытлёвына. Хату тую розобралі пуод Гайнувку, чы дэ. Потуом жыв там Крыньскі, але в іншым месцю. Вуон посля вуйны в 1945 г. сюды прыехав. А до Юзвяка ходылі мы картофлі копаті. Мев вуон добры маёнток.
Пятро Данільчук памятае і даваенную школу, у якой вучыўся: За сэнацыі в Столпцях було хіба 84 всех господарок. В той час ходів я до школы, якая находілася в прыватнуй хаті Косінского. Тут учылосе штыры клясы, а на вышшы трэба было іті вжэ до Клюковыч (там мурована школа пэрэдвоенна шчэ стоіт). У нас троху учыв Пытэль. І быв шчэ такі учытэль Пілат. Всёго тут учылі. І батюшка прыезджыев, і ксёндз прыезджыев. Зімою, як прыедэ батюшка і нам лекцыі говорыт, то тые Полякі ждут і стукают пуод двэрыма. Наш батюшка пускав іх до клясы. А колі учыв ксёндз, то ні одного з нас нэ пустіт до клясы… Коло школы був млін – вятрак, на згурку, одэ-о! Пузней Жыд ёго обнiев, такій Абрамко.

ДАЎНІЯ ЧАСЫ І ВЭЛЬЗЯПА
Пакуль людзі перасяліліся на хутары, вёска Стоўпцы была ў адным месцы. Як гаворыць Пятро Данільчук: Тая вёска тягнулася спуд Семіхуоч і Літвіновыч, з-за рычкі до Гостынця.
Да вызвалення з прыгону стаў-пэцкія людзі хадзілі на паншчыну да чатырох двароў: князя Сапегі, графіні Грабоўскай, памешчыцы Глінскай і Андрэя Мышкоўскага. У 1843 годзе найбольш людзей у Стоўпцах належыла до Сапегі – 76, а найменш да Мышкоўскага – усяго 8 чалавек. Усіх праваслаўных у Стоўпцах было тады 130 особ, а ўвесь тэлятыцкі прыход налічваў 862 асобы. У царкве служыў тады а. Ігнат Залеўскі, які быў таксама настаяцелем у суседніх Такарах. Плебанія стаяла непадалёк Гас-цінца Высокае-Семятічы. На месцы старой, каля 1870 году пабудавалі нову, якая захавалася да сёння; праўда, не з’яўляецца яна ўжо царкоўнай уласнасцю. Пры Гасцінцы стаяла таксама карчма.

(ciąg dalszy dostępny w wersji drukowanej lub w E-wydaniu Przeglądu Prawosławnego)

Дарафей Фіонік
фота Анатоля Гладышчука і з архіва Пятра Данільчука

Odpowiedz