Home > Sami o sobie > З Бельска родам

З Бельска родам

На беларускім Палессі, дваццаць кіламетраў на поўдзень ад Кобрына, непадалёк мястэчка Дывін знаходзіцца вялікае сяло Бельск. Тут працуе Бельская базавая школа і Бельскі дом культуры. У сяле больш дзесяці вуліц, пры якіх пражывае каля 600 чалавек. Большасць з іх, гэта прыхаджане мясцовай Ілінскай царквы, пасвячанай у 2006 годзе. Раней жыхары Бельска хадзілі маліцца ў суседнюю вёску Навасёлкі, дзе знаходзіцца старадаўняя, драўляная Міхайлаўская царква.

Настаяцелем і будаўніком царквы ў Бельску з’яляец-
ца а. Міхаіл Заруба, радавіты бяльчанін. Ягоны брат Валерый таксама свяшчэннік – служыць у непадалёкім Вярхлессі. Іхны бацька – а. Іаан Заруба, з’яўляецца з чаргі настаяцелем прыхода св. Панцелеймана ў Дарапіевічах, распаложаных за чатыры кіламетры ад Бельска. Усе бацюшкі з роду Зарубаў жывуць побач сябе, у роднай вёсцы ды займаюцца яшчэ земляробствам.
Бяльчане любяць сваю вёску, раскінутую сярод палескіх балот. Выхадцы з’язджаюцца тут асабліва шматлюдна ў дзень прастольнага свята св. Прарока Божага Іліі. Прыбывае тады ў роднае сяло і Марыя Кірылюк, якая на штодзень жыве ў падкобрынскай вёсцы Камень Шляхецкі, пры камуністах перайменаванай на Акцябр.
Нарадзілася Марыя 18 лютага 1940 года у сям’і Андрэя і Ганны Ярашукоў. Заходняе Палессе знаходзілася тады ў складзе Савецкай Беларусі. Пра гэты час Марыя Кірылюк піша ў сваіх успамінах: “Далёкі 1940 год быў для беларусаў трывожным і цяжкім. Беднасць, прадчуванне блізкай пагрозы вайны. Палітычны тэрор азмрочвалі жыццё, трымалі людзей у нейкай напружанасці. Блыталі планы. Разрушалі надзеі”.
Дзяцінства Марыі выпала на час нямецкай акупацыі і пасляваенны савецкі лад, з яго прымусовай калектывізацыяй, знявагай чалавека і ганеннямі на Царкву. Але бяльчане ўмелі ў гэты складаны час захаваць сваю годнасць, а сям’я Ярашукоў давала добры прыклад іншым. Апрача Марыі, бацькі гадавалі яшчэ чацвёра дзетак: Колю, Івана, Веру і Насцю. Іх дом быў адкрыты – на вечарынкі да Ярашукоў сходзіліся суседзі і знаёмыя. Коля з Іванам гралі на гармоніках, а дзяўчаты прыгожа спявалі.


Паненка Марыя ўжо тады пісала вершы, была здольнаю і хацела вучыцца. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Дывіне паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут. Першаю працаю было настаўнічанне ў Валовелі каля Драгічына, дзе вучыў таксама Іван Заруба, будучы свяшчэннік. Праз год Марыю перавялі ў Камень Шляхецкі (Акцябр). Тут жа яна пазнаёмілася з мужам і засталася жыць. Дваццаць чатыры гады была дырэктарам мясцовай школы, шмат часу прысвячаючы культурнай і грамадскай дзейнасці. Стварыла хор, які налічваў каля 75 чалавек. Будучы дэпутатам і старастаю вёскі, задбала пра пабудову Дому культуры, тэлефанізацыю і газіфікацыю сяла.
Любоў да малой бацькаўшчыны перадала Марыя Кірылюк дзецям і ўнукам. Дачка Іна Сахарчук музыкант і педагог, працуе ў школе, дзе займаецца фальклорам і краязнаўствам. Збірае матэрыялы па гісторыі Каменя Шляхецкага. Яе дачка Юлія, адораная выдатным, традыцыйным голасам, выпускніца Універсітэту культуры і мастацтва ў Мінску. Сын Марыі Віктар таксама займаецца музыкай.
Марыя Кірылюк выдатная ка-равайніца. Яе выпечкі ведаюць ва ўсім Палессі. Караваі гэтыя бываюць традыцыйныя, пшанічна – дражджовыя, з гускамі і шышкамі з паперы, за-мацаванымі на рагалінах. Але рыхтуе іх таксама з рознаколернай крэмавай масы, што дае магчымасць пафантазіраваць. Хто пабываў у ліпеню 2012 года на свяце 100-гаддзя царквы ў Такарах, памятае напэўна каравай, які Марыя Кірылюк уручыла Мітрапаліту Саве. Прыбыла яна тады на Падляшша з фальклорнымі калектывамі з Кобрыншчыны, сярод якіх былі і “Панёвы” з Каменя Шляхецкага. Калектыў прывёз тады з сабою ахвярны крыж, які быў пастаўлены на Святой Гары Грабарцы.

SONY DSC

Не так даўно Марыя Кірылюк адсвяткавала свой 80-гадовы юбілей. З гэтай нагоды, ўсіх паклоннікаў свайго таланту, парадавала яна новым зборнікам паэзіі пад загалоўкам “Вясёлка жыцця”. На змест кніжкі злажылася больш за 200 твораў. Гэта лірыка, пісаная на беларускай і расійскай літаратурных мовах, а таксама на палескай мове Кобрыншчыны. Ёсць тут і прыгожыя вершаваныя казкі.
Некаторыя вершы Марыі Кі-рылюк, пакладзеныя пад музыку, сталі ўжо народнымі песнямі. Прыкладам гэтаму песня – ма-літва “Покров Богородіцы”:

ПОКРОВ БОГОРОДIЦЫ (пісня)
Богородiцэ, Богородiцэ,
Ты надiя моя i любов.
Ты возьмi мэнэ, Богородiцэ,
Под святый, благодатный покров.

I Жыровыцку i Владiмырску,
I Казанскую в сэрцы ношу.
Я i Мiнскую i Почаевску
За грыхы нас простыты прошу.

Мныго есць iкон, образiв Твоiх
Чудотворных, святых, дорогых.
Благодатная ты одна на iх
I Господь найсвятейшiй за всiх.

Мы поклон Тобі свiй прыносымо
I молiтвы своi знов i знов.
I всiм мiром мы тэбэ просымо
Взяты нас под зашчытный Покров.
На палескай, руськай мове Марыя Кірылюк стварыла прыгожы верш пра Беларусаў:

БIЛОРУСЫ
За сарочкы нашы бiлы
I за косы свiтло-русы
Нас так мыло называють:
Працювыты бiлорусы.
А хыба ж ны працювыты?
Головы в платы завыты,
На сорочках вышыванне,
I мырэжка, й натыканне.
Хвартушкы i андаракы
Нашы бабкы – ныборакы
Так любовно выроблялы
I для нас йiх прыхавалы.
Мы йiх зараз одываем
I пiснi для вас спываем
Ныхай знають й нашы дiты
В шчо колысь булы одiты,
Як спывалы, танцювалы,
Про шчо думалы-гадалы,
Як дары зымлi цынылы
I дытэй своiх учылы:
Хочэш шчасце в жызнi маты –
Ны лыныся працюваты.
І на заканчэнне прапануем чытачу байку Марыі Кірылюк пра ганарлівага гусака:

ГУСАК (байка)
Выхваляўся раз гусак,
Што ён вельмi важны:
I прыгожы i дародны,
Дужы i адважны.
Шыю доўгую сагне,
Галавой пакруцiць
Дзе нi з’явiцца, заўжды
Нешта каламуцiць:
Верабей – зусiм малы,
Грак занадта чорны,
Iндзюк брыдкi i тупы,
Певень – не праворны.
Качачка не так iдзе,
Салавей – спявае
Усiх i ўсюды з важным вiдам
Гусак дакарае.
Так i ходзiць дзень пры днi,
Плёткi свае зводзiць,
То кагосцi ўшчыпне,
То камусь пашкодзiць.
То за штосцi дакарае
Бедную гусыню.
Выстаўляе на паказ
Ён сваю гардыню.
Ды тут рыжая лiса
З лесу выбягае,
I каго б тут прыхапiць
Думае – гадае.
Небарака – качачка
Блюхнулася ў рэчку.
Пеўнiк скокнуў на масток
I закукарэкаў.
Верабейка паляцеў –
Памiнай як звалi.
Ды i грак не зявака,
Каб яго кусалi.
А дародны той гусак,
Што так ганарыўся,
Перад рыжаю лiсой
Раптам разгубiўся.
А, папаўся, галубок!
Знай, як выхваляцца!
Я табою, хвастуном,
Буду частавацца!
Трэба ведаць, гусачок,
Перш чым выхваляцца,
Незалiшне навакол
Часам азiрацца.
Людцы добрыя мае,
Прашу прабачэння,
Ды бывае й сярод нас
Гэткае стварэнне.

Марыя Кірылюк аб’ядноўвае сваёю творчасцю Палессе і Падляшша. Ужо самое месца яе нараджэння – Бельск палескі, у гэтым сімвалічнае. Тры гады таму назад Музей малой бацькаўшчыны ў Студзіводах выдаў кнігу з яе вершамі, пад адной вокладкай з творамі Зоі Майстровіч з Рудутаў арлянскай гміны. Гэтыя дзьве незвычайныя жанчыны яднае талант, шчырасць і адкрытасць да іншых людзей.
Педагагічны дар яны шчодра выкарыстоўваюць для дабра сваіх малых бацькаўшчын.

Дарафей Фіонік
фота аўтара

Warto przeczytać
Tut można hawaryć pa naszamu
Беларуская гавэнда
Święto pieśni i radości
Powrót Hodiego

Odpowiedz