Home > Sami o sobie > Падзяка за дар дзяцей

Падзяка за дар дзяцей

Паміж вёскамі Чорная Царкоўная і Сямёны ў гродзіскай гміне стаіць прыдарожны помнік. Аснова зроблена з палявога валуна і мае вышыню каля метра. На камню бачым выявы мужчыны і жанчыны, паміж якімі відаць крыж. На цокалі замацаваны жалезны крыж кавальскай работы, таксама метровай вышыні. Хто быў фундатарам такога прыгожага помніка? Яго таямніцу разгадаў нам жыхар Беластока Мікалай Скроцкі, якога карані ў Чорнай Царкоўнай.

У гадах 1885-1902 настаяцелем праваслаўнага прыхода ў Чорнай Царкоўнай быў а. Аляксей Валкоўскі, выпускнік Літоўскай духоўнай семінарыі. На месцы старой, драўлянай царквы, а. Аляксей пабудаваў тут цяперашнюю Пакроўскую, мураваную царкву. Ён таксама аўтар “Гістарычнага і статыстычнага апісання царквы і прыхода ў Чорнай Царкоўнай”, выдадзенага з рукапісу ў 1994 годзе. Гэты каштоўны дакумант апісвае гісторыю прыхода, помнікі архе-алогіі, рэлігійнае жыццё, мову і культуру тутэйшых жыхароў. У апісанні знойдзем, напрыклад, інфармацыю пра тое, што яшчэ ў канцы ХІХ ст. жыхары Чорнай Царкоўнай гаварылі на беларускай мове: “Мова насельніцтва беларуская з дадаткам пэўных словаў і выказванняў маларускіх. Але гэтая мова ёсць толькі ў чыста праваслаўных мясцовасцях: Чорнай Царкоўнай і Чорнай Сярэдняй”. Моўная паланізацыя жыхароў гэтых вёсках пачалася толькі ў міжваенны перыяд.


У іншым месцы свайго “Апісан-ня” а. Аляксей Валкоўскі піша пра прыдарожныя крыжы. Амаль усе яны мелі аднолькавую форму – драўляныя, пераважна дубовыя, высокія, з адною папярэчкаю наверсе. Крыж, які стаяў па дарозе з Чорнай у Сямёны на гэтым фоне вылучаўся. Аўтар “Апісання” піша: „Нечто отличное от этого представляет крест, стоящий за селом Чарной при дороге, идущей в д. Семены. Крест этот поставлен в 1886-м году крестьянином села Чарны Андреем Скроцким; сделан он довольно искусно и красиво из хелеза, высотою более одного сажня, с рельефным (фигурным медным распятием, и утвержден на хорошо раскрашенном каменном пьедестале, вышиною в одну сажень. На пьедестале надпись: «Помилуй нас Господи!». Крест обнесен красиво раскрашенной, прочной (дубовой) оградою на каменном фундаменте. Стоимось этого креста более 30 руб.”.
Фундатарамі чарнянскага крыжа былі Андрэй і Марыя Скро-цкія, прадзеды спадара Мікалая. Яны гэтым хацелі падзякаваць Госпаду Богу за асаблівую ласку і дар, які ад Яго атрымалі. Сужонства Скроцкіх доўга не мела дзяцей, а тыя, што пасля нараджаліся, у маленстве паміралі. Бацькі не спыняліся ў сваіх малітвах і верылі ў Божую міласць. Ажно нарадзіўся Рыгор, пасля Марыя. Сын рос здаровым і цешыў бацькоў ды з часам пераняў іх гаспадарку. Рыгор Скроцкі ажаніўся са Стэфаніяй Фалькоўскай з вёскі Грабавец каля Бельска. Гэта дзяды спадара Мікалая Скроцкага. Дачка Андрэя і Марыі – Марыя, як падрасла, выйшла замуж за Пікульнскага з вёскі Сківы.
У архіве Мікалая Скроцкага захаваліся каштоўныя, архіўныя фатаграфіі сперад І сусветнай вайны. На адной з іх бачым Рыгора і Стэфанію Скроцкіх (справа) са сваякамі Годунамі. Усе апрануты элегантна і густоўна. Пры тым Рыгор Скроцкі прэзентуецца ў класічным, беларускім касцюме гэтай эпохі.
У жніўню 1915 года Рыгор і Стэфанія Скроцкія падаліся ў бежанства ўглыб Расіі, адкуль шчасліва вярнуліся.

Дарафей Фіонік
рысунак і фота з архіва Мікалая Скроцкага

Odpowiedz