Home > Sami o sobie > Поўная хата

Поўная хата

На падворку адноўленай хаты, што леваруч ардэманта-ванай пазалетась святліцы – горбы цацак. Хату я ледзь пазнала. Ведаю, што ў ёй жывуць Іван Тарасэвіч (1928), шмагдадовы солтыс вёскі Случанкі, са сваёй жонкай Надзеяй (1931). Пасля шлюбу яны ўжо шэсцьдзесят гадоў! Пад святліцай ужо клубіцца тлум гасцей, што прыехалі і прыйшлі на чарговую гмінную імпрэзу. А ў Тарасэвічавай хаце – таксама поўна. З другога пакоя раздаецца плач малечы. Надзя Тарасэвіч супакойвае шостую праўнучку, Настусю. А ў хаце яшчэ і дачка Ірэна, і яе дочкі з дзецьмі, і, вядома, гаспадар. Іван таксама збіраецца на свята. А тут заглядае яшчэ і зяць дачкі Ірэны, які неўзабаве паедзе ў Беласток, на працу. У каго выхадныя, свята, а каму – да работы.

Вёска поўніцца час ад часу, найбольш у святы і пад гмінныя івенты. Аднаўляецца памяць у Гарадоцкай гміне, та-бліцы ставяць, хто адкуль родам у вялікія людзі пайшоў. А Случанка цяпер найбольш вядомая Ігнасем.
– У таго Ігнася Карповіча яшчэ двух братоў было. Ягоны бацька Мікалай – будаўлянец. Цяпер у Заблудаве жыве, – кажа Іван Тарасэвіч, адзін з тутэйшых старажылаў.
– А яго дзядзьку Віціка, я ведаю, бо маёй сястры з сынам быў у адым класе, – дадае дачка. – Ігнася маці Галіна. А бацькаў брат у нас у Случанцы жыве, каля рэчачкі, з жонкай Крысяй. Ну, дык з нашай Случанкі, лічыцца, Ігнась самы слынны хлопец. Адзін з самух лепшых сучасных пісьменнікаў у Польшчы.
– Кажуць, раманы ў яго? – пытаецца ўнучка. – Пры выхадзе яго першай кнізе напісалі, што ён народжаны ў Случанцы, хоць, як і мы ўсе, у Беластоку у бальніцы. Калісь у нас казалі – „Случанка-сталіца”!.. А ў нашага дзедкі таксама свята – 60 гадоў мелі па вяселлі! 24 лістапада – у яго самога – 85 гадоў. Добрых крэмаў дзядуля ўжывае! Мамка ягоная Вера жыла 54 гады, татко Іван – 62, а прабабка Вера – 104, хоць трыццаць гадоў не хадзіла, – унучка мае добрую памяць да сямейных дат…

КОЛЬКІ НАС УСІХ!
– Цярпівасць мы мелі адно да адного! – смяецца Іван. – Тыля часу!
– Пыталіся мы ў дзедка, які рэцэпт маё на такое даўгалецце ў пары. Бо ў нашай бабулі спецыфічны характар! Добры, спакойны.
Іван Тарасэвіч быў солтысам у Случанцы 36 гадоў. У сваёй кадэнцыі, пакуль дамовіўся, дык адзін тэрмін прапусціў. Радным быў шмат гадоў, старшынёй салэцкай рады.
– У мяне дзве дачкі і сын, а ўнукаў маем ужо шасцёра. Дык Іван і Надзя мяюць тры праўнучкі і трох праўнукаў. Праўнуку найстарэйшаму 14 гадоў, а наймейншай, Анастасіі – чацвёрты месяц. Давід-Крыстыян, Якуб-Хрыстафор, Натаніель, Каміля-Габрыеля, Ніка-Амелія, ну і Анастасія. На 15 чалавек радзіна, – пералічвае Іван.
– Бабця, дай булучку, – загладае у кош са свежаспечанымі румянымі булкамі Каміля. – Гарачая, падзьмухай крышачку.
– З бацькамі хто тут жыве? Ніхто, я тут прапісана, але ў Беластоку. Унукі ва ўікэнды прыязджаюць я часцей, што дватры дні сюды еду.
– Як яшчэ і Гарадок прыедзе, то ў хаце аж цесна! – цешыцца ў разагрэтай печчу і ўсмешкамі кухні Іван. – А яшчэ ж і ў Гарадку маю ўнукаў. Як наедзя ўсіх! І хату элегантную ў Гарадку маюць.
– Аддала яе сыну, – кажа Ірэна. – І сама ўжо ў Беластоку. Мне ўжо 58, а да смерці трэба рабіць. Калі б па-старому, ужо пайшла б толькі ўнукі пільнаваць… Але наш хазяін яшчэ і карову, і шасцёра свіней трымае, плойму курэй… Мелі дваццаць бройлераў…
– А калі чалавек мае многа работы, не мае калі ўміраць, – дадае Іван. – І блізкія блізка. Двух братоў – за дарогаю. Беглыя мае праўнукі. Гэты меншы, калі я прывёз палікі да памідораў, узяўся ён іх караваць: „Будзе чысты кіёк, будзе чысты і памідор, менш вады да мыцця!” Гаспадарыў я. Малая гаспадарка была ў міне. Два гектары ворнага, пяць гектараў лонкі. Але я ўвесь час рабіў на дзяржаўных работах. Пенсію маю ЗУСоўскую. Работы хапала – і там работа, і дома работа. Кароў мы многа не трымалі, часамі чатыры-пяць дойных, цялят-маладняку больш. Калісь з усяго быў прыбытак, а цяпер… Цяпер такія малыя гаспадаркі ўсе паліквідавалі. Калі б і хацеў, не дасць рады ўтрымацца. Трэба мець з пятнаццаць кароў, каб свой танк мець на малако. Яшчэ кароўку адну маем, але гэта ўжо апошняя. Не было ўж дзе малака дзяваць. Збожжа трохі ёсць, дык свіней пару гадуем. То ж сееш не для дзікоў? Сееш, хай расце.
– … Як мне жылося з Надзяй столькі гадоў? Не было калі задумоўвацца…

РАБОТА БЫЛА
Рабіў, рабіў, рабіў. Як ажані-ліся жыў там за дарогаю, у бацькоўскай хаце. А патом пе-райшоў сюды, хлеў, стадолу, хату паставіў. Прайшло яшчэ пару гадоў, стаў ставіць хату ў Гарадку. І так усё работа была. Не было калі нудзіцца. І былі грошы! Як у Гарадку ставіў хату, дык адразу там тры лазенкі рабіў. Перспектыўна. Піўніцу ўжытковую, партэр. На паверсе тры пакоі, калідор… На ўсіх паверхах – лазенкі… Цяпер збярэмся, сядзем, кажуць – бяды няма. Але стань ты цяпер пабудуй хату! З адной лазенькай не дасі рады. А я будаваў! А скуль узяў грошы? Ведаеш, красці не краў. Грошай хапала. Выдумоўвалі, што хацелі, як на калісні час, што было найноўшае.
– А скуль вы жонку знайшлі?
– З-за рэчкі. З Каралёўшчыны. Напрасткі згэтуль будзе з трыста метраў. Ведаліся мы ўжо раней, бо мая сястра была за яе братам. Як добра быць разам? Ці слухаць адзін аднаго? Часам не чуць чаго-небудзь. Усяляк у жыцці бывала. Шлюб мы мелі ў 1953. Важкі год. Але мяне ў войску доўга пратрымалі, 37 месяцаў, бо тады ў Карэі замешкі былі, дык нам год войска прадоўжылі. З войска прыйшоў я ў 1952 годзе. 36 гадоў салтысавання. Калісь у нас былі грамадскія рады, у нас у Валілах-Станцы была. Ад нас калега быў старшынёй. Ён угаварыў мяне, каб я згадзіўся быць солтысам, бо я не хацеў быць. Адзін клопат. Цяпер, то калі солтыс пойдзе на сесію, дык яму і заплацяць. А калісь усё тыя начежнікі былі, секвестратары, і мусіш іх пераначаваць. Дык дзялоў было! І солтыс быў застрахаваны, але ўжо радзіна – не. Калі ўжо Грамадскай рады не было, была Гмінная рада ў Гарадку. І зноў мяне зрабілі солтысам, але сям’я ўжо была застрахаваная. І я згадзіўся. Дык тое цягнулася, і калі кончылася, дык ужо спакайней. Падаткі, грамадскія пачыны, амаль штонядзелю. Тры разы ў сезон пошукі стонкі-каларадскага жука. А як солтыс не пойдзе на пачын – дык хто пойдзе? Прыклад трэба даць. А як калёніі рабілі (1963), усяго было пры тым! Мелі прэтэнзіі, але не было асаблівых спрэчак пры камасацыі. Пасля святло, ваду зацягвалі… Электраток тут зацягнулі ў 1967 годзе. Зацягалі святло былі на Станцыі-Валілы ў 1951 годзе, прапанавлаі і Случанцы, але тады залежала ад гаспадаркі – хто меў больш гектараў, больш плаціў. І пару асоб не згадзіліся. І так доўга пасля чакалі, вымэнчыліся. А водаправод зацягнулі ў 1997 годзе, пры маёй кадэнцыі. Але я меў ваду яшчэ без водаправода, на гідрафор. І лазенька ў нас была. Цягнулі, а ахвотных было толькі пяць чалавек. А калі сталі падключаць, ужо тады ўся вёска схацела. Хадзіў я, спісваў – тада ўжо ўсе згадзіліся. Але трэба было складчыну за лінію плаціць. Толькі дзевяць чалавек дало па тысячу злотых. Пасля адна яшчэ дала пяцьсот злотых, а пасля іх вярнуць хацела… Спачатку было па тры ці чатыры тысячы. Кажу войту: дзесяць тысяч для гміны гэта слабыя грошы, а камусь і тысяча гэта непасільна. Зменшылі. Тады 27 згадзілася. І каб лінія была кожнаму да хаты, на адзін кран. Тады ў нас поўных хатаў было з трыццаць шэсць. Цяпер у нас іх палова пустых, або па адным чалавеку. Нумароў у нас было тады 42. Цяпер у нас солтыс Оля Тарасэвіч.
…Калі ў нас

СВЯТЛІЦУ ПАСТАВІЛІ…
Калі сам той дом – не памятаю. У гэтым месцы жыла сям’я, у 1944 годзе, 24 лістапада паехалі ў Расею згэтуль. Хата засталася. Адзін стары чалавек пачаў жыць у гэтай хаце Ясько Давыдаў, Сашкаў бацька. Яго сын ажаніўся, у другой хаце стаў жыць. У сына быў, і гэту трымаў. Як Сашко прыйшоў з войска, і Зінка прыйшла, пажаніліся, дык вяселле яшчэ тут было, і ўжо Зінка пайшла ў сваю хату, бацькоўскую. А ў старой хаце танцавалі, забавы рабілі штонядзелю. Па хатах рабілі мы тады забавы, у каго большая. Столік адсунеш, ложак – і ёсць дзе круціцца. Ды мы раз пазычылі ў Яські ключ, аддалі, другі раз, а пасля дайшлі да вываду з солтысам, Варфаламеем, каб у гэтай хаце зрабіць святліцу. Кажа, пагавару ў гміне, няхай застанецца на цэлую вёску. І мы той ключ Яську ўжо не аддалі. Спяшра развалілі сцяноўку. Прайшло пару месяцаў, ніхто нічога не сказаў, пасля ўсе печы развалілі. Я тады ўжо з войска прыйшоў, здаецца. Мы пераставілі хату, зрабілі яе большую, прадоўжылі, накрылі іначай, бо ўжо рамонту патрабавала. Праз нейкі час папраўляла яе, малявала наступнае пакаленне.
– Наша кадэнцыя там гуляла! – дадае дачка Ірэна. – У сямідзесятыя гады штосуботу ў нас забава была.
– Ашалявалі яе, выбілі ў ся-рэдзіне пільсняй, пачысцілі. Рабілі забавы па білетах. Паўвё-скі збіралася, у святлцы не па-мяшчаліся.
– А як Засцянкі яшчэ прыедуць, як яшчэ і біліся! Нават штыкеціны ішлі ў рух!
– У 2012 годзе яе аднавілі, і гэта цяпер уласнасць гміны. Тыя людзі, што выехалі, у СССР, там пэўна атрымалі нейкую магчымасць жылля. Тады ў нас шмат вёску пакінула, ехалі такі пружныя сем’і, дзе дарослых было многа, пазаставаліся старэйшыя, або з малымі дзецьмі. Было дзіка, калі яны паехалі, пустыя хаты засталіся ад іх. У большасці яны ў Беларусі спыніліся, некаторыя хацелі далей ехаць, але іх не пусцілі. У Навагрудку жывуць, каля Навагрудка. Упярод часта прыязджалі тыя, у каго засталася радзіна, цяпер слабей. Ці хацелі вярнуцца? Тут у Гарадку быў адзін такі, ужо памёр, небарака, Пшэсмыцкі, то быў тутака агентам: агітаваў, намаўляў, запісваў, каб ехаць. Паехаў, пабачыў, але тут было ляпей чым там. А нам тут было добро. Увогуле ў Польшчы за тае „камуны” было не фэ. Заехаў Пшэсмыцкі туды. Быў Канстанцін, зрабіўся Казімеж. Прыехаў назад. Яшчэ адзін таксама прыязджаў, казаў: „А чаго ехалі? За санацыі, яшчэ да 1939 года, перад панам трэба было шапку скідаць. Думалі, што і цяпер гэтак будзе. Але цяпер ужо ніц не зробіш, не вернешся”. І ніхто не вярнуўся, апрача агента…
З суседняй хаты пасля еўра-рамонту даляцеў песенны гул – пачалася вечарына. Рушыў дзед Іван з праўнукамі на свята…

Міра Лукша, фото аўтаркi

Odpowiedz