Home > Sami o sobie > Хор свойскіх галасоў

Хор свойскіх галасоў

– Сустрэліся мы ў Святадухаўскім саборы, – успамінае Уладзімір Клімюк. – Кажу жонцы: „Глядзі, Верка Леўчук”. А мая Раіса: „Праўда, здаецца, яна! Але не падыходзь да яе, у царкве не выпадае!” – А я адважыўся: „Ну, калі гэта не яна дык скажа не, і ўсё. Вера, гэта ты?”
– Гэта, што ты мяне пазнаў у царкве, гэта проста цуд! Гэта ж 57 гадоў прайшло! А я падышла, абняла яго, і спахапілася: „Ой, мы ж у царкве! Ды і з самага пераду” – Вера Леўчук-Валка-выцка расказвае пра сустрэчу са сваім калегам у пакойчыку «Нівы», куды працягнула і пару артыстаў з аматарскага мастацкага беларускага калектыву, выступаючых на сцэне ў канцы пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. І ўсе дарогі сюды вялі. У Беларускае таварыства, у беларускую кампанію. І цяпер мне вядомыя гэтыя асобы – спадар Уладзімір верны чытач ды пераможца шматлікіх гістарычных конкурсаў, не прапускае ні аднаго беларускага мерапрыемства. Танцорка Валянціна Жэшка працавала карэктаркай аж да пенсіі, Вера Леўчук-Валкавыцкая была журналісткай, а Ніна Бручко, пасля Анджэюк, працавала ў сакратарыяце, крыху пісала, канчала студыі, а сур’ёзна задэбютавала на яе старонках… трыццаць гадоў пасля адыходу з рэдакцыі. Кожнае з іх прынесла пакеты здымкаў з выступлення беларускага мастацкага калектыву песні і танца, які выступаў не толькі на Беласточчыне… Ліюцца ўспаміны з часу, калі ім было па 16-17 гадоў. Пераклікаюцца. Як яны тады выглядалі! І дзе яны збіраліся.
– У тадышнім беларускім цэнтры па вуліцы Маніфэсту Ліп-нёвага (цяпер святога Роха). Гэта было ў месцы кіно „Сырэна”, але ў дугім будынку, – удакладняе Валя Жэшка. А тут і ўспаміны Сакрата Яновіча:
– У галіне мастацкай самадзей-насці – Галена Зюлкоўская ненатуральнай грацыі накшталт лялькі Барбі, але па-мужчынску энергічная дырыжор хору; дагэтуль кіравала ім Людміла Панько, унікальная інтэлігентка з віленскай гімназійнасцю, з мяккай культурнасцю. Балетнай групай камандавала Таццяна Гіжэўская з бельскіх мяшчан, тых шпануючых у гутарцы на правільное петербургское произношение. Спадарыня Гіжэўская ў паўзы пакурвала папяросы, мела манеры российской мадам, што панічна бянтэжыла парослых звычаёвым мохам бандарска-зубаўскіх донжуанаў. Проста гіпнатычна паралізавала яна іх, выраслых у народнай петушиности. У немалым дзявочым натоўпе хору і балету, у палавой прыцягальнасці мо-ладзі… Рэдакцыю „Нівы” за гэты час перанеслі з Кілінскага на Маніфэсту Ліпцовага, у правае крыло кіно „Сірэна”. На высокім паверсе там, з авальнай залай з траскочучым паркетам знаходзіліся тры пакоі па лініі антрэсолі як быццам, два з якіх займала Таварыства; у трэцім, за калідорчыкам, гнездаваў Валкавыцкі з Баравіком; жур-налісты і машыністкі – Люба Сліжэўская, Ніна Бручко – гу-гнявілі, як гусі на выгане, на той аграмадзіне з туалетам у глыбокім закутку (сталы стаялі паўкругам). Вечарамі адбываў тут рэпетыцыі тлумны хор, пасля чаго пару паненак спрабавала хутка выйсці замуж папоцемку… Кіраўнічка балетнай групы, спадарыня Таццяна Гіжэўская, трымала свой табунік у моцнай дысцыпліне, слушна лічачы, што любашчы кепска ўплываюць на фізічную кандыцыю танцорак, танцораў…
– Усе мы такія харошыя, – разглядае здымкі Вера Леўчук. – Мяне, з такой сям’і (баптысцкай) навучыла малявацца Ніна, з якой я жыла ў яе сястры. І танцаваць я ж не ўмела, не мела таго сцэнічнага руху.
– Затое ты выцягвала дзве актавы, – удакладняе Ніна. – Яшчэ ў беларскім ліэці хваліў цябе Яраслаў Кастыцэвіч, як спявала „Зорку Венеру”… А тут на здымках усе мы… А хто тут?
– Шміткоўская, яе муж пра-цаваў у міліцыі. А тут Ніна Здуневіч, – узіраецца Валя ў здымак, а вочы ў яе цяпер слабенькія, і прыйшла яна на дзвюх мыліцах, бо хадзіць не дае рады..
– О, Валя, якая ты танцорка была! – распазнае яе, былую танцавальшчыцу з таліяй асы Уладзімір.
– Валя была тады яшчэ Нікі-цюк, – кажа Вера. – А тут на здымку яна з Барысом Жэшка, з усёй кампаніі толькі яны хіба сталі парай.
– Ой, мусім парабіць адбіткі ад здымкаў на памятку! – перакідае здымкі Ніна. – Бо ж не ўсе маем.
– О, тут Ніна Бручко, – паказвае Вера смаліставалосую прыгажуню з тэатральнай сцэны Уладзіміру. Белавалосая цяпер Ніна жартуе: „А я сёння акуляраў забылася”.
– Веру я пазнаў, але вас… Мінула аж столькі гадоў! Ніна тады была чорная, як і я… А Барыс?.. Даўно не жыве, кажаце, вечная яму памяць… А здымкі размножым бо не ўсе маем. Вось гэты, у снезе, як мы ў Сямятычы едзем на выступленне. А тут здымак з Гродна. На нашым выступенні Пётр Машэраў быў. Тут Кастусь Сідаровіч. Гэта ў 1957 годзе. А тутака мы на дажынках на стадыёне ў Варшаве. А пасля перад Палацам культуры і навукі.Тут – фота з Гарадка. А тут – з арганізацыйнага сходу, у 1956 годзе, у ТППРы, прыйшло 120 чалавек зацікаўленых беларускім самадзейным рухам. Мы паставілі сцэнку, з калаўроткамі, рукадзеллем…

– Вера ў „Паўлінцы”, а я – у „Пярэстай красулі”, – паказвае здымак Ніна Бручко, дзе яна разам з Ромкам (Васем) Місеюком і Колем Капчуком. А на гэтым ты, Вера, я, і Зося Бусловіч. Зося выйшла замуж за нядошлага ксяндза…
– А колькі ў цябе дзяцей, Валодзя? Двое? І ў Зосі двое, і ў Ніны двое. У мяне адно, – пералічвае Вера, цяпер бабуля і прабабуля. – Кончылася нам гулянне ў мастацтва, зараз пайшлі мы дзяцей нараджаць. У мяне жывот быў вялікі, дзе тут ездзіць… А што мы найперш спявалі?
– Кастусь Каліноўскі спя-ваў„Воды арыка бегут как жывые, пераліваясь, журча і звеня”, – тут Валодзя і заспяваў усю песню. – Спявалі мы таксама песні розных народаў.
– Потым ён спяваў у „Лявонісе” з Любай Томчык, – прыгадвае Вера. – А тут бачу ліст табе з „Нівы” ў адказ на карэспандэнцыю, у якой ты пішаш пра старыя назвы Беластока, з пажаданнямі поспехаў у вучобе. З маім ужо подпісам, бо я апекавалася карэспандэнтамі.
– Я пасля вучыўся ў настаў-ніцкай студыі, – удакладняе Клімюк, цяпер настаўнік прафесіі ў кравецкай школе. – А я пісаў: „Сапраўды прыходзіцца задумацца нам, жыхарам горада Беластока, як настойліва замазваюцца назвы нашых старых пасёлкаў. Я думаю, што „аседле Пяста” магло б называцца аседлем Баяры або Пячуркі. Старыя назвы лепш падыходзяць да каларыту…”. Я запісваў таксама песні з маіх ваколіц, з Цісоўкі, якія спявалі мая мама Гандзя і бабуля Саламея, з якіх нотны запіс зрабіў Сцяпан Копа. Цяпер спісваю гісторыю роду. Пішу. Мы заўсёды трымаліся пры роднай газеце.
– Важна было тое, – кажа Ніна Бручко, – што ўся наша моладзь прыйшла з беларускіх вёсак у горад. І што – мы ўсе адчувалі сябе горшымі. Бо як прызнацца – „мы з беларусаў”?! Мы і раней спатыкаліся – малодшыя ў школе, старэйшыя ў фабрыках. Веры парабіліся Весямі, Ніны Ясямі, Колі Меткамі… І тут раптам родная газета нас згуртоўвае. Мы ўсе адчулі сябе сваімі. Рэпетыцыі адбываліся ў суботу; мы ў суботу працавалі, але пасля збіраліся ў вялікай зале ў кіно „Сірэна”. Адны спявалі, іншыя танцавалі. Валя ў Таццяны Гіжэўскай, мы ў Міхася Кавальчука. Запамятаўся мне адзін момант: Ідзем усе грамадой з рэпетыцыі і заходзім есці ў бар, на Ліповай, насустрач квяцярні І раптам усе пачынаюць гаварыць па-беларуску. А ў нас тыя што абслугоўвалі пытаюцца: „А вы напэўна з Беларусі?” А мы смяемся: „З Гродна мы”. Былі і мыладыя як і мы, і былі старэйшыя, да трыццаці, як Оля Фёдарава (Іванюк, ужо памерла). І гэта дзякуючы газеце набралі мы такой адвагі. Нават я раней перад чужымі прадстаўлялася была „Аліна”. Кавальчук быў першым у нас у тэатральным гуртку, а я была „першай актрысай”. Мелі мяне выслаць у Мінск у тэатральную школу. А ў танцавальнай групе першымі былі Валя і Барыс. А ў хоры запявайламі былі Вера Леўчук-сапрана і Зося Бусловіч-альт. Калі Кавальчук выбіраў актрысы да п’есы, спытаўся ў мяне: „А як бы ты рыбы лавіла?” Я брала нібы вудачку і паказвала. У „Пярэстай красулі” я іграла галоўную ролю, нарачонай Ромка, а Толік Петышук (таксама ўжо не жыве) прыйшоў купляць пярэстую карову. Такая камедыйка… Згуртаваліся тут усе – былі і інжынеры, і геа-дэзісты, і з „Ухвытаў” рабочыя, і дзяўчаты з фабрык як Оля Фёдарава, і дзяўчаты з офісаў, як я – машыністка. Гэта быў 1956 – 1957 год. У 1957 годзе акурат перанеслася „Ніва” з вуліцы Кі-лінскага на цяперашнюю вуліцу Роха. Там была аргомная зала, а ў малой быў кабінет галоўнага рэдактара і сакратара. У дзень сядзелі там журналісты, архівіст, машыністкі, сакратарка, а вечар быў для самадзейнікаў. Рабілі там у „Ніве” штосуботу танцвальныя вечарыны, і нават свой праваслаўны Новы год.


– А я памятаю сход у „Ніве”, – прыгадвае Валя, – калі прыбыў нейкі прадстаўнік улад. Мы рашылі, што будзем гаварыць па-польску, каб ён зразумеў. Пачалі па-польску але скончылі па-беларуску. Але ён зразумеў…
– Валя танцавала, танцавала, і выйшла замуж за таго танцора, і далей танцавала, – смяецца Вера.
– Ездзілі мы сюды, па розных гарадах, – кажа Валя. – Былі ў Варшаве, нават у Кангрэсовай зале. Памятаю, танцавалі тады Бітнерова і Груца – найлепшыя танцоры Польшчы, і мы ў той самай частцы.
– Я памятаю першы нас выступ у Гарадку, выступленні ў Гродне, у Гайнаўцы, у Белавежы… – успамінае Ніна. – У ТППРы заступіла мяне ў „Паў-лінцы” Вера, бо мая сястра замуж выходзіла, і я на вяселле паехала. Усе мы тады былі паненкамі, а калі пайшлі замуж, дык заняліся домам. Толькі Валя далей танцавала з мужам. А „патанцоўкі” прыбілі мы амаль кожную суботу. Я танцавала з Мікалем Капчуком, інжынерам, вельмі нам лёгка танцавалася вальс… Гляджу на здымкі, успамінаю твары. Была такая Надзя з Сацоў, маладзенькая Люба з Целушок, Ірэна, Надзя, якой было далёка па трыццаці, але хутка перастала прыходзіць. А тут на здымку – Вася Місеюк, якога называлі Ромкам. Быў ён нават маім нарачоным, і ў сапраўднасці. Пасля стаў прэзасам кааператыву. Вельмі добры хлопец. Надзежда-архівстка намаўляла мяне, каб я выходзіла замуж за яго, бо ён інжынер. А Толік Петышук – быў гандляром, ён быў маім нарачоным у п’есе.
– Мы з Барысом выступалі, аж узнікла „малая „Лявоніха”. Я яшчэ працуючы чатыры гады ездзіла ў Варшаву ў музычную вышэйшую школу, – Валя Жэшка, пасля ўжо музыкай прафесійна не займалася.
– Усе мы вучыліся ў „Ніве”, апрача галоўнага рэдактара і Міхася Хмялеўскага, у якіх была вышэйшая адукацыя, – дадае Ніна. – І дзякуючы ёй мы выйшлі на людзей. 11 студзеня 1958 года „Ніва” перанеслася ў Дом прэсы. Усе, цэлы калектыў, пераносілі, пакавалі ўвесь „ніўскі” дабытак. І не стала вялікай залы для рэпетыцый і сустрэч.
Ніна была з Плёсак, Валя з Бельска, Вера з Сакольніка (у Пушчы, цяпер за мяжой) хаця ўсе кажуць што яна з Орлі, Зося з Бельска, Валодзя з Цісоўкі (жонка ягоная з Крынак)…
– Засталося ў нас столькі песень – лістае Вера песні сабраныя Клімюком. – І цяпер маглі б іх заспяваць, можна іх, дарэчы перакласці на нейкі іншы лад.
– Што нам даў удзел у мастацкай самадзейнасці? – мяркуе Ніна Бручко. – Я ўсё маладое жыццё марыла аб тэатры. Здзяйсняліся нашы мары, мы маглі знаёміцца, сустракацца і выступаць. Усе былі разам, па-беларуску. Па-свойску. Кожны быў сабою. Рады мы, што сёння сустрэліся. Спадзяемся водгуку на наш успамін!

Міра Лукша

Odpowiedz