Home > Sami o sobie > Ліст прафесара Ярашэвіча да Яўстафія Tышкевіча

Ліст прафесара Ярашэвіча да Яўстафія Tышкевіча

Першага лютага гэтага года споўнілася 160 гадоў з дня смерці Іосіфа Ярашэвіча, аднаго з пачынальнікаў гістарыяграфіі Вялікага Княства Літоўскага у цэлым і Падляшша паасобку. Нарадзіўся ён ў 1794 годзе ў старажытным Бельску, дзе бацька будучага прафеcара быў пісарам магістрату. Можна сказаць, што малы Іосіф выгадаваўся ў пылах гарадскога архіва, які знаходзіўся ў ратушы. Тут захоўвалася шмат арыгінальных дакументаў ХV-XVIII стагоддзяў, сярод іх каралеўскія прывілеі пісаныя на рускай мове.

У Аддзеле рукапісаў Ягелонскай Бібліятэкі захаваліся лісты Іосіфа Ярашэвіча, пісаныя да розных асоб. З 1817- 1826 гадоў паходзяць лісты, пісаныя з Крэмянца на Валыні, дзе вучыў ён у мясцовым ліцэі. Карэспандэнцыя гадоў 1827- 1837 выходзіла з Вільні, а пасля пераважна з Бельска. Тут ён жыў у родным доме, куды перасяліўся пасля заканчэння працы ў Віленскім універсітэце і пераходу на пенсію. У карэспандэнцыі Іосіфа Ярашэвіча знойдзем лісты пісаныя да яго вядомымі навукоўцамі родам з Падляшша: а. Міхалам Баброўскім і Ігнатам Даніловічам. У гадах 1853-1859 Іосіф Ярашэвіч перапісваўся актыўна са сваім шваграм Міхалам Вішнеўскім (1794-1865), філосафам, псіхолагам і гісторыкам літаратуры. Апошні з захаваных лістоў да яго датуецца 10 снежня 1859 года. Бельскі прафесар быў тады ўжо цяжка хворы на артрэтызм. Лекары рэкамендавалі яму выезд у курорт да Друскеннік, але здзейсніць гэта так і не ўдалося. У фондах Ягелонскай бібліятэкі захавалася таксама карэспандэнцыя братоў Тышкевічаў: Канстанціна (1806-1869) ды Яўстафія (1814-1873). Нарадзіліся яны ў сваім родавым маёнтку Лагойску пад Мінскам. Абодва захапіліся археалогіяй і сталі фактычна першымі навуковымі даследчыкамі гарадзішчаў і курганоў на Беларусі. Калі старэйшы з братоў засяродзіўся на метадалогіі правядзення археалагічных раскопак, малодшы Яўстафій ствараў асновы для навуковай папулярызацыі не толькі роднай археалогіі, але таксама краязнаўства і этнаграфіі. Для гэтага ў 1851 годзе распрацаваў ён план стварэння Віленскага музея старажытнасцяў ды Археалагічнай камісіі. Ідэя не адразу знайшла падтрымку ўладаў і толькі пасля смерці цара Мікалая І была адобрана новым імператарам Аляксандрам ІІ. З 1855 года Віленскі музей і Камісія пачалі сваю дзейнасць. Яўстафій Тышкевіч вельмі шанаваў прафесара Іосіфа Ярашэвіча, якога лічыў настаўнікам і адным з вядучых знаўцаў гісторыі Літвы. Трохтомнае даследванне выдатнага бельшчаніна: „Obraz Litwy pod względem jej cywilizacji od czasów najdawniejszych do końca wieku XVIII”, выдадзенае ў Вільні ў гадах 1844-1845, мела вялікі ўплыў на пашырэнне гістарычнага кругагляду такіх асобаў як Яўстафій Тышкевіч. Падчас стварэння Віленскага археалагічнага музея ён неаднойчы звяртаўся да прафесара за парадай і інфармацыямі. Асаблівую для нас увагу прадстаўляе ліст Іосіфа Ярашэвіча, накіраваны да Яўстафія Тышкевіча 27 красавіка 1858 года.

(ciąg dalszy dostępny w wersji drukowanej lub w E-wydaniu Przeglądu Prawosławnego)

Дарафей Фіонік

Odpowiedz