Home > Sami o sobie > Меляшкі. Было так

Меляшкі. Было так

Адкуль адноўлена святліца пасярод доўгай вёскі Меляшкі ў Гарадоцкай гміне, затупаная пакаленнямі людзей якія любяць і папрацаваць, і добра, па-свойму, павесяліцца, у вёску вярнулася жыццё. Хаця ў гэтай чыста беларускай вёсцы штораз больш небеларускамоўных людзей і іхніх дзяцей, бо селіцца сюды, у адно з найчысцейшых месцаў „зялёных лёгкіх краіны”, штораз больш прышэльцаў з Польшчы. І гэта яны падымаюць на старых падрубах адноўленыя хаты старадаўніх меляшкоўскіх фамілій.

Такі краявід. Больш за паўтысячы гадоў паміж Гарадком і вёскай Меляшкі, што расклалася на старажытным грудзе, была мокрая даліна, кажуць, нават возера. За стадоламі і высяцца два таямнічыя курганы, якія тут называюць „могілкамі”. Тую даліну ўявіць няцяжка – узбярыся на тыя „могілкі”, і маеш панараму як па вадзе, – аж да залатога купала гарадоцкай царквы. Ведаем з крыніц, што ваколіца мела дачыненне да роду Хадкевічаў. Рыгор Хадкевіч за землі каля мястэчка Васількава, якія перадаў каралю, атрымаў ад Зугмунта Аўгуста 22 сакавіка 1567 г. вёскі каля Гарадка – Белявічы, Супрасль Мсцібогаўскую (сёння Зарэчаны) і Меляшкі. Брук старадаўні пасярод вёскі, але абапал яго – ці не першыя на Беласточчыне вясковыя тратуары. Па ім падскокваюць колы аўтамашын, бо аўтобуса сюды не пускаюць. Замала людзей ездзіла, „не аплачваецца” Пэкаэсу гнаць аўтобус для пары чалавек. Нічога, што ўсё ж такі тут лік жыхароў большае. І імпрэзаў больш у адноўленай святліцы, не толькі мярлін. Фірма „ЯрДом” хвалілася на сваім сайце: у мясцовасці Меляшкі ў Гарадоцкай гміне выканалі яны рамонт святліцы, які палягаў на яе зносе, абмене старых канструкцыйных элементаў будынка, абмене крокваў, аконнай сталяркі, пакрыцця даху, выліцці паласы ўзмацняючай падмурак, мантажы шалёўкі і комплекснай апрацоўцы інтэр’еру”. Значыць, аднавілі ад каранёў. Святліцу пасвенцяць святары Мiкaлай Астапчук і Каханоўскі, разрэжуць стужку войт Веслаў Кулеша, дырэктар гміннага цэнтра культуры Юры Хмялеўскі і солтыска Аня Назарка ды радная-спявачка Марыя Врублеўская. Будуць прамовы, віншаванні і абяцанні. Пасля ўсе засядуць за сталы, зайграе капэла „Хутар”. Будзе як калісь. Было. Будзе як калісь, пакуль жылі сястра Янука Дарашкевіча Люба Лавіцкая (дажыла да без двух тыдняў да сотні) і акцёрка ад Тамары Саланевіч Вера Лявіцкая (ціха адышла ў 97 гадоў) і гарманіст ды фокуснік Юрка Дамань, родам з Плянты (памёр у маі 2014 года). Ставілі тут і п’есы, усёй вёскай, але адно з Юркам як… чараўніцай, а жанчыны прадстаўлялі таксама і мужыкоў! Калісь доктар з Гарадка, Юрка, сын Ларысы Геніюш, пісаў у «Ніве» ў «Меляшкоўскім караваі»: «Аматарская пастаноўка сапраўднага вясковага вяселля расславіла ў апошні час вёску Меляшкі ва ўсім беларускім і не толькі беларускім асяроддзі. Не адзін глядач першы раз у жыцці скаштаваў падзявочаму чыстае, народнае цеста — каравай… Мала хто аднак ведае пра тое, як і на штодзень бойкае меляшкоўскае месіва буйна булькае, падрастае і лепіцца пановаму, дзякуючы жвавым рукам мясцовых кабетак: Расці, расці каравай, цыцаты, бо ляпілі цябе каравайнічкі цыцаты… Паверце мне, не пустыя гэта словы. Мала ў якой вёсцы так добра гадуюцца дзеці, такой струёю льецца ў іх прагныя роцікі мацярынскае малако. Шыкуцяву можна было б ставіць за прыклад усім гарадскім мацеркам. Новы доказ — адмыслова адгадаваныя хлопцы-блізнюкі, што весела брыкаюць па панадворку. Меркай энергіі гэтых некалькігадовых юнакоў могуць служыць шматлікія гузы ды сінякі, прыдбаныя падчас адкрыўчых вандровак і бітваў, ведзеных за свабоду малога чалавека… Нездарма штогод у меляшкоўскай школе арганізуецца дзяцінец, які ў працавітую летнюю пару здымае з жаночых плеч найклапатліўшы цяжар. Вялікая ў гэтым заслуга дырэктара школы сяброўкі Літвінавай. Ды не толькі ў гэтым яе заслуга. Гэтая надзвычай энергічная жанчына — не толькі настаўнік. Яна і дарадчык людзям, і паданне напіша каму трэба, і аматарскім гуртком пакіруе. Яна не толькі жыве ў вёсцы, але жыве яе жыццём… А новае ўсё лепіцца. Плешчуцца ў мясцовых сажалках карпы, паяўляюцца кожны год новыя гектары плантацый трускалак, хтосьці і сярэбраных мільёнаў завёў (пчол), расце безупынна пагалоўе хатняй жывёлы. Дзве сям’і ўжо абзавяліся новенькімі «Масквічамі»… Пэўна, не ўсё яшчэ і тут добра. Буйнае меляшкоўскае цеста, напэўна не без закальца бывае. Былі ў вёсцы чалавечыя драмы, вышчарбіла яе некалькі пажараў. Адным словам, рознае бывала. Навошта аднак успамінаць дрэннае, калі на двары вясна і меляшкоўцы дружна думаюць пра новы, лепшы ўраджай». Гэта было. Няма ўжо Лёнькі Шыкуцёвай, няма і яе мужа, і сына, і ўнука… Эх, было… Меляшкі, першую вёску не Беласточчыне, дзе па абодвух баках вуліцы паклалі тратуары, калісь усе прыбіралі гуртом пад святы – царкоўныя і Першамаі. Замяталі дзеркачамі і брук, і тратуары. Цяпер зрэдчас каровы любяць прайсціся якраз не па бруку, а па ходніку. І не вельмі каму ёсць так салідна прыбрыць сляды іхняй натуральнай дзейнасці. Ды пад Спленне ў Меляшках заўджы – баль! Пры славутых крыжах, што паставілі і размалявалі сябры „Зоркі” бацюшка служыць малебен. За ўсіх жывых меляшкоўцаў, якіх у апошні час перастала ўбываць. А гуляць яны і любілі, і любяць. Толькі чакаюць нагоды, нейкага свята, каб пачаставацца і пасмяяцца разам. Пасярод вёскі, пры краме – святліца. Тут сабрацца трэба ўсім, хоць Марта Герасімчук у першы момант кажа: „Не пайду я на герыятрыю!” Вядома, каго мае на думцы беластоцкая дзеўка, якая ўсё ж загляне пасля на новую імпрэзу. Было так… А цяпер і ў Марты дзве дачушкі, якія прывозіць у бабуліну хату… – Паявілася многа сем’яў з малымі дзецьмі. Ці будуць умець гаварыць па-беларуску? Ой, хіба не. Тут многа з Мазур прыехала, між іншым з Гіжыцка. Ёсць і з Торуні, – кажа Крыся Пятэльская. – Тут шмат людзей умірала, маючы сто гадоў. Ліда Госцік, баба Люба Лавіцкая, Вера Лявіцкая, баба Марыся… Добрае месца на жыццё. Дзе тут убачыш самаход – у канцы вёскі усюды лес, усюды свежае паветра. Няма якойсьці фабрыкі. Брукаванка, як калісь, праз усе Меляшкі. Хацелі рабіць асфальт. Кажу: нашто той асфальт, каб смярдзела асфальтам? Брукаванка – хутка не папруць! А што ў Марусі Савіцкай чуваць? Прыехала на адзін дзень на хату паглядзець. Жыве цяпер у Варшаве – муж дастаў туды камандзіроўку з працы, Маруся спакавалася і за мужыком паехала… Калі гаворым пра нашы старажылкі, – каб дажыць да такіх гадоў, але ў здароўі, ходзячы ўміраць, – мяркуе цяпер шасцідзесяцігадовая Крыся. – А з майго рочніка, 1960, пару асоб вярнулася і гаспадараць – Галіна, Генік Лавіцкі… Але каля святліцы, і каля крыжоў, размаляваных у калёніі Меляшкі і самай вёсцы – ёсць нагода сустрэцца, памаліцца, паспяваць, і пагуляць… І прыходзіцца пры ўсім натаптацца, каб багата было, і перад сваімі, і перад гасцямі. На вячорках з песняй, жартам і сцэнкай, на святы. Гэта Лёня Лавіцкая найбольш топчацца пры гасціне, але і Ліля Лотыш, і іншыя. Сёння якраз нагода прыемная, урадлівая – Спленне. Пасля малітваў у Гарадоцкай царкве з падзякай за добры ўраджай і малебнам за вёску, збяруцца ўсе хто хацеў і хто даклаўся хоць крышку да бяседы – у той пекнай і выгаднай святліцы.

(ciąg dalszy dostępny w wersji drukowanej lub w E-wydaniu Przeglądu Prawosławnego)

Міра Лукша фота архіўныя i аўтаркі

Odpowiedz