Home > Sami o sobie > Традыцыйныя вышыванкі

Традыцыйныя вышыванкі

Культуролаг Кацярына Бяляўская з Галерэі імя Тамары Саланевіч з Нараўкі у 2018 годзе выявіла тры ўзоры арыгінальных вышыванак пачатку ХХ стагоддзя. Яны захаваліся ў добрым стане на гарышчы аднаго з дамоў у Нараўцы. Гэта рэдкая сёння знаходка дае шмат уяўлення для параўнання традыцыйнага касцюму розных рэгіёнаў Белавежскай Пушчы.

Кацярыне Бяляўскай удалося раз’ясніць, што аўтаркай вышыванак была жанчына, якая нарадзілася ў 1894 годзе ў невядомай вёсцы пад Нараўкай. У 1914 годзе яна другі раз выйшла замуж менавіта ў Нараўку і пражывала ў згаданым доме. Знойдзеныя вышыванкі былі часткай мужчынскай сарочкі, дзе размяшчаліся ў найбольш экспанаваным яе месцы – на перадзе. Гэты элемент у сарочцы называецца манішкаю.

Кожная з выяўленых манішак з Нараўкі вышытая на самаробным палатне. Узоры, вышытыя крыжыкам, чорнымі і чырвонымі ніцьмі, на кожнай манішцы арыгінальныя, непадобныя на сябе. На першай бачым складаны геаметрычны ўзор з матывам васьмікутнай зоркі ў выглядзе разеткі. Кожная з іх абведзена квадратнымі палямі, на перакрыжаванні якіх знаходзяцца малыя крыжыкі з чырвона-чорнай сярэдзінай. Яны нагадваюць роўнаканцовыя грэчаскія крыжы.

На другой манішцы, найменш складанай па кампазіцыі, бачым матыў ружы, вышыты г.зв. “баўгарскім крыжыкам”. Ружы з’яўляюцца частым матывам абрадавага ручніка і касцюму. Яны выяўлялі прыгажосць маладой і яе любоў да будучага мужа.

Трэцяя з захаваных вышыванак з Нараўкі мае найбольш складаную кампазіцыю. Апрача манішкі памерамі 30 х 17 см, гэта таксама стойка, даўжынёю 40 і шырынёю 5 сантыметраў. Стойка і манішка запіналіся з левага боку сарочкі. На манішцы бачым вышытыя птушкі і васьміпялёсткавыя разеткі, размешчаныя ўздоўж вертыкальнага арнаменту, нагадваючага дрэва. Васьміпялёсткавыя разеткі маюць г. зв. “вочкі”. Такія матывы, як сцвярджае Кацярына Беляўская, можна сустрэць на традыцыйных вышыванках з розных рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку на Палессі, Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Паводле М. Кацара, знаўцы беларускага арнаменту, падобныя кампазіцыі адносяцца да сімвалу дрэва жыцця, вакол якога размешчана гісторыя любові вялікай і гарачай або любові трагічнай.

(ciąg dalszy dostępny w wersji drukowanej lub w E-wydaniu Przeglądu Prawosławnego)

Дарафей Фіонік

фота Кацярыны Бяляўскай і са збораў аўтара

Odpowiedz