Home > Sami o sobie > Валя Мядзведзь піша, слухае і спявае

Валя Мядзведзь піша, слухае і спявае

Імя Валі Мядзведзь вядомае ўсім, хто слухае Радыё Рацыя, а дакладна падляшскі канцэрт пажаданняў. Знаёмых у яе шмат, і незнаёмых таксама процьма, нават такіх, хто яе яшчэ не бачыў, але і ёй перадае прывітанні. Так як Янка з Гайнаўкі ці Толік з Ялоўкі або Жэня з Бельска-Падляшскага. А яна сама, па бацьку Смактуновічанка, родам з падбелавежскіх Тэрэмісак. У славутыя Медзвядзі ў Нараўчанскай гміне, дзе ўсе жыхары – Мядзведзі, трапіла дзякуючы мужу. Трыццаць два гады перажыла з Мішам Валя ў Беластоку, а цяпер летуе ў Медзвядзях.

– Мой сын Андрэй, што працуе ў Беластоку ва Установе мер, крыху пасмейваецца з маёй пісаніны, – прызнаецца Валя. – А я сяду пад ліпай і як той… Ян Каханоўскі, пішу пра здаровае вясковае жыццё. Цішыня тут такая пад пушчай. Не тое, што ў Беластоку, па вуліцы святога Войцеха, дзе чакае мяне мая пустуючая хата. У горад еду калі мушу. Тут зелле збіраю, вяжу сурвэты, гафтую, вышываю. І слухаю Радыё Рацыя. Я ўсіх тут ужо пазаражвала гэтым сваім Радыё. У Баравых яго слухаюць, у Пасеках, у Бабігарэ… Марусі з Васем радыё прывезла, настаўленае на Рацыю, каб маглі адразу ўключыць і слухаць, найбольш таго нашага падляшскага канцэрта пажаданняў. Прыйдзі, кажа Вася, настаў яшчэ раз, пакажы, бо штосьці шуміць…

Калі пішу, словы самі да мяне ляцяць. Чытаю вершыкі знаёмым, і смяемся разам. Прычапіўся быў да мяне досыць малады хлопец. Як яму адмовіцца – вершыкам: пра старую бабу, якой засталося ўжо адно радыё слухаць, а не думаць пра замуства. Ды і як прыедзеш сюды – спачатку сумна. А калі ў той Беласток заедзеш – яшчэ сумней. Тут хоць пагаворыш з кім-небудзь. А так то да Марусі на Баравыя зайду. А ў блёку ты – як сабака з клетцы. Адны сцены вакол цябе. А я сабе напішу верш. Пры адным паплачу, пры іншым пасмяюся. Пішу лацінкай, бо не вывучала беларускай мовы. Унукам Габрысі і Адрыянку – па-польску – казкі з белавежскага староння, напрыклад „Казку пра зубрыка Паранка”. У сатыру часта мяне гоніць – у апошні час напісала вершык пра візіт у кардыёлажкі мяне як „труднага пацыента”: „І тут можа чакаць цябе расчараванне, бо замест добрых лекаў – кепскія дастанеш”… „Мама, ты мне сораму не зрабі сваёй пісанінай, я ў сур’ёзнай установе працую!” – жартуе мой сын-інспектар. Андрэй мае жонку-каталічку з Беларусі, з вёскі Эйсманты, а дачка Аня – мужа-католіка (жыве ў Бельгіі), але свае веры не пакінулі.

У маіх Тэрэмісках амаль нікога няма. Хто памёр, хто выселіўся. У маёй былой школе – народны ўніверсітэт. З Мішам мы пазнаёміліся на вяселлі ў Семяноўцы ў майго сваяка. Мы жылі ў Дайлідах-Гурных з пятнаццаць гадоў, наймалі кватэру. Я працавала спачатку ў прадпрыемстве апрацоўкі птушынага мяса, пасля ў жалезе: у маім прадпрыемстве выраблялі між іншым цвікі, пасля нікеліраваныя замкі. Пасля стала я на працу ў жыллёвым кааператыве, і адтуль памаглі мне здабыць кватэру. А мой Міша вось якое нам зрабіў вяселле – памёр два дні да шлюбу дачкі. Ракам хварэў, памаглі і зёлкі якімі я яго лячыла, ды памёр ад інфаркту сэрца. А я моцна пакутавала рэдкай хваробай вока, так што магла аслепнуць, ды ўсе кнігі лячэння зёлкамі на стол – а вылечылася зеллем. Ды той высокі ціск не адпускае. Назбірала я нядаўна мяхі зелля, нагнулася, а тут – бліскі ў вачах! Хопіць стаміцца ці разнервавацца, адразу мой арганізм рэагуе, скача ціск…

У Медзвядзях жывецца файна! Спакой, цішыня. Заеду ў Бабігару – і там маю знаёмых бабаў, пагаворым. І на лонцы спаткаемся, ёсць размова. Некаторыя просяць, каб пажаданні ім пераслаць праз Радыё Рацыя, бо яшчэ ніколі не мелі, каб хто ім пераказаў. Каб з імя і прозвішча, і адкуль, з якой вёскі, з якой гміны. Іванюкова з Пасек так цешылася, што пачула, а заўжды слухае Радыё Рацыя, асабліва ў суботу вечарам. І людзі запісваюць песні на касетах, навезла я іх пустых з Беластока, пакажу як запісваць у час канцэрта пажаданняў, каб мелі што паслухаць таго што ім найбольш падабаецца. А чамусьці ў Рацыі песню пра хворага коціка не пускаюць, вельмі ўсе, і старыя і малыя, яе ў нас любяць слухаць, такая файная песня. А калі наш Адрыян кончыў чатыры годзікі, дык вельмі даспадобы была песня „Цік-так ходзікі, мне чатыры годзікі”. Я раней толькі раз пачула гэтую песню ў канцэрце пажаданняў, і папрасіла, каб яе пусцілі нашаму Адрыяну. Калі ўжо надыходзіць канцэрт пажаданняў, усё да шостай гадзіны мусіць быць зробленае. Сядаю каля прымача. Калі штосьці яшчэ зрабіць, раблю пры радыё. Запісваю ўсе песні!

(ciąg dalszy dostępny w wersji drukowanej lub w E-wydaniu Przeglądu Prawosławnego)

Міра Лукша

фото аўтаркi

Odpowiedz