Home > Sami o sobie > Верны Доктар Анатоль

Верны Доктар Анатоль

Сустракалі мы спадара Анатоля Бахарэвіча на самых розных культурных, перш за ўсё беларускіх мерапрыемствах. І не падумаеш, што гэта «сеніёр». Як многа мог нам усім расказаць! Але не пра ўсё хацеў і мог: – Будзе яшчэ час. Яшчэ жывуць тыя што нас гналі з нашай зямлі, а ў мяне ёсць дзеці, унукі. Мсціца на іх будуць. Як той бындыт-злодзей, які ўжо на студыях у Вроцлаве зачапіў мяне: «O, nosisz te buty, których ci nie zabrałem, jak przyszliśmy z wami porządek zrobić!”. Не, дарагі дзядзя Толік, ужо часу не будзе, і не раскажаце ўсёй праўды тут… А мы не пачуем кожны чацвер Вашага аповеду пра ваенныя лёсы…

З усіх адзнак, медалёў, дыпломаў і падзяк ад дзяржаўных і прафесійных улад, якія атрымаў за сваё жыццё доктар Анатоль Бахарэвіч, да найважнейшых належаць Кавалерскі крыж адраджэння Польшчы, залаты крыж заслугі, медалі за заслугі для абароннасці краіны і для ветэрынарыі, медаль імя Кшыштафа Клюка, за доўгае жыццё ў сужонстве і медаль Святога Ізыдара-Ратая, патрона сялян.

– А мае найлепшыя дасягненні – двух сыноў, шасцёра ўнукаў і васьмёра праўнукаў, – цешыўся нестар ветэрынарыі..

Кожны чацвер год у год па новы нумар беларускага тыднёвіка ў рэдакцыю заходзіў сівенькі бадзёры жыхар алеі Пілсудскага. Ужо з памочніцай-палачкай. А ў канцы прыязджаў на калясцы, якую вёў яго сын.

– З-за яго сціпласці мы нават не ведалі, што вазок стаіць пад дзвярыма рэдакцыі, калі яго сын заходзіў па «Ніву» – уздыхае Галіна Рамашка, кіраўнік ніўскай канцылярыі. – А мы ж выбеглі б на вуліцу прывітацца!

Раней Анатоль Бахарэвіч падпісваўся на «Ніву», але пасля таго, як перамог у гістарычным ніўскім конкурсе, зачасціў у недалёкую ад яго хаты рэдакцыю. Тут цікавіўся новымі выданнямі з усяго беларускага свету і проста размаўляў. Не ўсё мог распавесці з таго, што ён і яго сям’я перажылі. Бо яшчэ жывуць нашчадкі тых, хто хацеў іх з роднай зямлі сілай выгнаць у іншы рай…

Доктар ветэрынарных навук Анатоль Бахарэвіч нарадзіўся 14 красавіка 1925 года ў вёсцы Баршчэва каля Харошчы. Бацькі, Ганна і Пятро, гаспадарылі там на 4 гектарах зямлі. Першыя чатыры класы кончыў у роднай вёсцы, два наступныя ў Харошчы. Ад пачатку вучобы вылучаўся высокімі вынікамі. Відаць, добры быў узровень гэтых школ, калі на экзамене ў школу імя Караля Зыгмунта Аўгуста ў Беластоку. Толік апынуўся на 9 месцы на сто кандыдатаў з гарадскіх школ. Штодзень хадзіў 12 кіламетраў у школу ў Беласток. Дзякуючы высокім ацэнкам і стараннасці атрымаў ён месца ў школьнай бурсе, а праз нейкі час звольнілі яго з паловы школьных аплат. Выбух вайны ў 1939 г. змяніў традыцыйную гімназічную адукацыю, савецкія ўлады заняліся школьнай праграмай, а з момантам пачатку вайны ІІІ Рэйха супраць СССР школьнае навучанне было спыненае…

Вясной 1942 г. Анатоль Бахарэвіч быў ахоплены акцыяй вывазак на прымусовыя работы ў ІІІ Рэйху. Зборным пунктам вывазак грамадзян Польшчы быў пляц у Беластоку, на якім пасля вайны доктар А. Бахарэвіч, ужо як дырэктар Ваяводскага ветэрынарнага цэнтра правёў пабудову аб’ектаў для ваяводскай ветэрынарыі. Анатоля на кірмашы нявольнікаў у Біскупцы выбраў баўэр з Барташыцаў, дзе працаваў да пачатку 1945 года. Шчасліва перажыў няўдалыя ўцёкі ад баўэра і вывазку на фартыфікацыйныя працы ў Тыльзіце і будаўнічыя работы ў Кёнігсбергу, які атакавала савецкая армія. Паля пераходу фронту праз Усходнюю Прусію вярнуўся шчасліва дахаты, працаваў на гаспадарцы. Неўзабаве стаў старацца аднавіць вучобу ў Беластоку. У гімназіі і мужчынскім ліцэі н-р 2 кончыў прыспешаную вучобу, атрымліваючы вельмі добрыя вынікі на атэстаце сталасці на пачатку 1946 года. Меўшы вялікі здольнасці з прыродазнаўчых прадметаў, стараўся паступіць у Варшаўскую палітэхніку – на жаль ад студзеня 1946 г. ужо працягваўся акадэмічным год, а набор на першы курс быў ужо закрыты. Новым шанцам была новая вучэльня ў Вроцлаве – універсітэт і політэхніка. Але і тут набор на сціслы факультэты быў ужо завершаны. На шчасце, у яе рамках з 1 лістапада быў адкрыты Факультэт ветэрынарнай медыцыны, там і пачаў вучобу ў навукоўцаў з даваеннай Акадэміі ветэрынарнай медыцыны ва Львове. У час вучобы Анатоль вылучаўся пільнасцю і працавітасцю, незвычайнай актыўнасцю і зацікаўленнем да даследчыцкай працы. Як студэнт-валанцёр супрацоўнічаў з Кафедрай агульнай гадоўлі, а чатыры гады быў віцэ-прэзідэнтам навуковага гуртка ветэрынарных медыкаў. Належаў да першага году выпускнікоў Вроцлаўскага факультэта ветэрынарнай медыцыны, з дыпломам лекара ветэрынарыі які атрымаў 24 кастрычніка 1950 года.

Пасля вышэйшай школы пачаў працу ў Сыцаве каля Вроцлава, як кіраўнік Павятовай лячэбніцы для звяроў. Неўзабаве (у 1951 г.) прызвалі яго ў армію. Афіцэрскае абучэнне адбыў у Пулавах, адкуль выслалі яго ў часць у Бартошыцах. Пяць гадоў выконваў там розныя функцыі, дайшоў да рангу капітана. Вайсковую службу кончыў будучы эпізаатыёлагам у Часці ветэрынарнай службы Галоўнай інтэндэнтуры ПВ. Паслякастрычніцкая адліга дазволіла яму вярнуцца да цывільнай працы ў ветэрынарыі.

Пачаў цывільную ветэрынарную 8 сакавіка 1957 г. у Міхалове. Пасля 4 гадоў, з 1 сакавіка 1961 г. быў пакліканы на пасаду Ваяводскага лекара ветэрынарыі і дырэктара Ваяводскага ветэрынарнага цэнтра. На гэтай пасадзе працаваў больш за 20 гадоў, да 1982 г. У сваёй працы заўсёды вылучаўся саліднасцю і кампетэнтнасцю. Атрымаў адзнаку, якая існуе ад 1966 года, за «узорную працу ў ветэрынарнай службе» з білетам з нумарам 1.

(ciąg dalszy dostępny w wersji drukowanej lub w E-wydaniu Przeglądu Prawosławnego)

Міра Лукша

Odpowiedz