Home > Sami o sobie > Спадчына затопленых вёсак

Спадчына затопленых вёсак

Да добрага мерапрыемства рыхтавацца трэба доўга. Бо штука у тым, каб яно мела зверхчасовы сэнс і вартасць. Каб спрычынялася для збудавання месца, свядомасці і культуры людзей. Каб ля яго пачатку бачыць прадаўжэнне і не баяцца нестандартных рашэнняў. Гэта добра ўсведамлялі актыўныя людзі з Гуртка вясковых гаспадыняў салэцтва Бандары, якія 8-9 жніўня фіналізавалі чарговы этап Праекту Рудня «Спадчына затопленых вёсак». Яны пачалі падрыхтоўку да яго ўжо ў 2019 годзе.

Першая частка назвы праекту паходзіць ад вёскі Рудня, якая ў 1980-гадах была выселена і залітая вадою. Застаўся адно прыдарожны, каменны крыж, ля якога пасля ўсталявалі памятны знак. На месцы былой вёскі цяпер пляж з адмысловым памостам і глядзельнай вышкай. Турысты, наведвальнікі гэтага месца, часта нават не дадумваюцца, што тут раней бурліла сялянскае жыццё. Абнаўленне гістарычнай памяці Калісьці, яшчэ ў сярэднявеччы, аселі тут руднікі, якія займаліся пераплаўкай балотнай руды. А зусім па-суседску пасяліліся гарбары, што дубілі шкуры для ялаўскіх і ваўкавыскіх кушнероў ды шаўцоў. Затопленую пасля вёску назвалі Гарбарамі. Пра заняткі колішніх, працавітых жыхароў гэтых ваколіц гавораць і іншыя назвы – Буды, Бандары ды Рыбакі. У першай жылі буднікі, якія выраблялі вугаль і смалу з дрэва. У другой рабілі бандарку, значыць бочкі і іншую драўляную пасуду. А ў трэцяй жылі рыбаловы, якія дбалі пра багацце паўнаводнай ракі Нарвы. Бо добры рыбак не толькі ловіць рыбу, але і ахоўвае яе ды дбае пра размнажэнне. Такім добрым рыбаком можна назваць спадара Віктара Буру, які шмат працы палажыў для таго, каб спадчына затопленых вёсак не прапала. Летнім часам пражывае ён з жонкай у родным доме ў Рыбаках, вёсцы распаложанай ў цяні заставы Семяноўскага вадасховішча. Ён таксама падтрымліваў стварэнне Гуртка вясковых гаспадыняў у Бандарах, якога старшынёю стала Яўгенія Бура. Гэтая таленавітая, ўражлівая жанчына, родам з Ляўкова, з’яўляецца патрыётам сваёй малой бацькаўшчыны. Яе прыгажосць апісвае па-беларуску ў вершах і аповесцях. На самым пачатку да ініцыятывы Праекту Рудня далучыўся Аляксандр Кардаш, для якога мінулае і будучае гэтых старон дарагое і блізкае. Ён палажыў шмат высілкаў для гістарычнага апісання кожнай затопленай вёскі і хутара. Былі апрацаваныя спіскі ўсіх гаспадароў Рудні, Гарбароў, Будаў, Боўтрыкаў, Лукі ды хутароў Бахуры, Тарнопаль і Семяноўка. Адшуканыя былі архіўныя фотаздымкі дамоў і іншых будынкаў, сярод іх сімвал гэтых ваколіц – вятрак Ігната Палецкага з Гарбароў. Гэтае ўсё дазволіла стварыць для кожнай мясцовасці адмысловыя мапы – макеты, прыгожа аформленыя і аддрукаваныя на вялікіх планшэтах. Усе яны былі ўпершыню паказаныя падчас фіналу праекту на пляцоўцы памосту ў Рудні. Пасля гэтыя планшэты будуць яшчэ вандраваць па музеях і іншых установах. Усё для таго, каб папулярызаваць спадчыну затопленых вёсак. У дзень адкрыцця выставы на пляжы Рудня арганізатары праекту правялі своеасаблівую гульню для мясцовых дзяцей. Пад кірункам дасведчаных мастакоў яны стваралі з пяску макеты мясцовасцяў, якія апынуліся пад вадою. Арганізатары праекту выдалі таксама падборку з 16-ці паштовак, дзе адлюстраваныя графікі з архітэктурай і людзьмі ўсіх затопленых мясцовасцяў. У карагодзе кругом возера Суботні дзень, 8 жніўня, стаяў ужо пад знакам традыцыйных рамёстваў, музыкі і абрадаў. У пасёлку Бандары, дзе сваю сядзібу мае Гурток вясковых гаспадыняў праходзілі майстаркласы па рукадзеллю. Зоя ды Васіль Майстровічы з Рудутаў вучылі шыць з саломы каробкі і вырабляць саламяныя ўпрыгожанні. Дарота Сульжык з Гарадка займалася з ахвотнымі валеннем (фільцаваннем) воўны, а бандароўскія гаспадыні праводзілі кулінарны майстарклас. Усе маглі знайсці нешта для сябе. Увесь гэты дзень над Семяноўскім вадасховішчам гучала традыцыйная музыка. Спачатку быў жніўны карагод, падчас якога ў Бандарах перадалі гаспадарам мерапрыемства снапы жыта, нажатыя на жніўных сустрэчах у Студзіводах. Адсюль жа прыбылі спевакі і музыканты з беларускай фальклорнай студыі “Жэмэрва”. З імі быў таксама Эдуард Клінтс і Дагнія Парупэ з калектыву “Абра” з Латвіі. Эдуардс – майстар народных інструментаў і віртуоз ігры на латвійскай дудзе, а Дагнія – на барабане ды кокле (гуслях).

(ciąg dalszy dostępny w wersji drukowanej lub w E-wydaniu Przeglądu Prawosławnego)

Дарафей Фіонік фота Максім Фіонік

Odpowiedz