Home > Sami o sobie > Зваліць нашы дрэвы

Зваліць нашы дрэвы

«Учора разам з іншымі арганізацыямі мы пратэставалі ў Сейме супраць паправак у законе, якія могуць павялічыць высечку і выпальванне каштоўных дрэў у электрастанцыях. Літаральна ўчора (13.07.2020) увечары Камітэт па пытаннях энергетыкі, клімату і дзяржаўных актываў абмяркоўваў законапраект, які пагражае нашым лесам і накіраваны толькі на павелічэнне прыбытку канцэрна «Дзяржаўныя лясы». Мы не пагаджаемся на разбурэнне нашай прыроды! Далучайцеся і падпішыце зварот – заклікае Грынпіс. – Замест таго, каб ахоўваць прыроду, міністр аховы асяроддзя хоча садзейнічаць спальванню драўніны з польскіх лясоў на электрастанцыях. Новае вызначэнне энергетычнай драўніны уключанае ў праект і адкрывае вароты для павелічэння лесанарыхтовак па ўсёй краіне. Леснікі змогуць прадаваць як паліва дрэвы, якія не маюць ніякага дачынення да дрэваапрацоўчай прамысловасці, але неабходныя для абароны біяразнастайнасці і адаптацыі лясоў да кліматычных змен. Мы павінны лепш абараніць польскую прыроду і падтрымліваць барацьбу з кліматычным крызісам, і такія лясы, як Белавежская ці Карпацкая пушчы нельга далей знішчаць. Мы патрабуем, каб міністр аховы асяроддзя як мага хутчэй назаўсёды і цалкам выключыў з актыўнага кіравання лесам усе старыя і каштоўныя польскія лясы і неадкладна спыніў працу над зменамі ў Закон аб аднаўляльных крыніцах энергіі, якія наносяць шкоду польскім лясам, прыродзе і клімату».

Гэты заклік польскі Greenpeace запусціў у сваім вэб-сайце, у якім заклікаў уладу падрыхтаваць праграму, якая дазволіць канчаткова выключыць 15% польскіх лясоў з лесакарыстання.

– Мы павінны абараніць старыя польскія лясы ад высечак дзеля дабра дзікай прыроды, клімату і ўсіх нас, – тлумачыць Марта Грундланд, каардынатарка лясных кампаній з Greenpeace. – Пандэмія каранавіруса паказвае, як адна пагроза можа разрэгуляваць наш свет. Сёння мы чуем званы трывогі, які заклікае нас да значных змен у эканоміцы, грамадскім жыцці, але таксама і да нашага стаўлення да прыроды. У гэтыя дні, калі амаль увесь свет змагаецца з пандэміяй каранавіруса, людзі выяўляюць, наколькі важная для нас дзікая прырода. Лясы – гэта месца, куды мы ўцякаем, каб адпачыць. Але старыя прыродныя лясы – гэта, перш за ўсё, прытулак біяразнастайнасці і наш найвялікшы прыродны саюзнік у барацьбе з кліматычным крызісам.

Менш траціны нашай краіны пакрытая лясамі. На жаль, толькі невялікая іх частка належным чынам абаронена, – сцвярджае Грынпіс Польшча. – Толькі 1% плошчы польскіх лясоў складаюць прыродныя запаведнікі (каля 98 тыс. га), а 2% – нацыянальныя паркі (каля 200 тыс. га). Паводле Грынпіс, каб належным чынам абараніць дзікую прыроду і ў поўнай меры выкарыстаць патэнцыял лясоў для мінімізацыі кліматычнага крызісу, каля 15% польскіх лясоў павінны быць канчаткова выключаны з лясной гаспадаркі. Старыя лясы – самыя складаныя наземныя экасістэмы. Яны таксама выдатныя інструменты для барацьбы з кліматычнай катастрофай. Яны захоўваюць велізарныя колькасці вугляроду ў подсціле, глебе і дрэвах з’яўляюцца нашымі «падушкамі бяспекі», зніжаючымі цяжар наступстваў кліматычнага крызісу. Нарэшце – у адрозненне ад лясных монакультур і насаджэнняў – у іх непараўнальна большы патэнцыял для адаптацыі да зменлівага клімату.

– На жаль, дагэтуль многія найбольш каштоўныя польскія лясы разглядаюцца ў першую чаргу як склад драўніны. Плануецца аднавіць вялікія ўчасткі ў Белавежскай, Карпацкай, Барэцкай пушчах, у лясах, якія знішчаюцца ў многіх іншых месцах краіны. Гэта на шкоду прыродзе, клімату і ўсім нам. Любы фінансавы прыбытак ад эксплуатацыі гэтых лясоў на самай справе з’яўляецца велізарнай стратай для нашай краіны. Мы заклікаем міністраў па пытаннях клімату і навакольнага асяроддзя неадкладна прыняць меры, каб гэта змяніць, – заявіла Марта Грундланд.

– У абгрунтаванне папраўкі ў Закон аб аднаўляльных крыніцах энергіі (АКЭ), якая ўводзіць новае вызначэнне энергетычнай драўніны, мы чытаем, што ў краіне зараз у нас «гіганцкі маштаб экалагічнай пагрозы», польскія лясы знаходзяцца пад пагрозай «экалагічнай катастрофы», а насаджэнні ўсёй краіны могуць зруйнавацца. Эфект градацыі насякомых (у тым ліку караеда) узмацняецца змяненнем клімату. Абгрунтаванне таксама звяртае ўвагу на тое, што працяглая засуха павялічвае рызыку ўзнікнення пажару.

Гэта праўда, што кліматычны крызіс закранае лясы і біяразнастайнасць. Градацыя насякомых, такіх як караед або вастразубы караед сустракаюцца часцей і значна больш інтэнсіўна, што прыводзіць да пашкоджання дрэвавых плантацый, за якімі даглядаюць леснікі. Аднак такім рашэннем – доўгатэрміновым і якое будзе падтрымліваць лясы ў належным стане – не з’яўляецца дапушчэнне вырубкі і продажу мёртвага дрэва ад санітарных высечак для электрастанцыі.

Замест таго, каб узмацніць дзеянні, якія засцерагуць польскія лясы і дазволяць ім паспяхова адаптавацца да зменлівага клімату шляхам рэнатуралізацыі дрэвастояў і правядзення сапраўды ўстойлівай гаспадаркі лясамі, Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя дублюе памылкі 2017 года, калі разбурэнне Белавежскай пушчы было дазволена пад падставай барацьбы з караедам.

Монакультуры, монаідэі

Эколагі лічаць, што праблемы польскіх лясоў, з якімі мы сёння сутыкаемся, шмат у чым вынікаюць з безадказнага гаспадарання лесам. Паводле справаздачы Дзяржаўных лясоў аб стане лясоў у Польшчы пераважаюць іглістыя дрэвы. Сасновыя дрэвы складаюць больш за 60 адсоткаў усіх дрэў у лясах гаспадараных ДзЛ, а другое па распаўсюджанасці дрэва – яліна. І менавіта гэтыя віды часцей за ўсё атакуюцца насякомымі, такімі як вастразубы караед і яловы караед (тыпограф). У той жа час справаздача IUCN (Еўрапейскі чырвоны спіс дрэў) і пазіцыя, прадстаўленая Польскай акадэміяй навук кажуць, што мясцовыя віды дрэў у Польшчы і Еўропе знаходзяцца пад пагрозай знікнення – звычайная елка і шатландская хвойка маюць малыя шанцы на выжыванне. Гэта азначае, што большасць аднавідавых дрэвавых плантацый (монакультур елкі і сасны) у Польшчы паступова вымірае. Эколагі лічаць, што Дзяржаўныя лясы ведаюць той факт, што лясная гаспадарка, арыентаваная на вытворчасць іглістых парод, якім аддае перавагу прамысловасць, не можа працягвацца. У апошнія гады было пасаджана больш ліставых дрэў, такіх як дубы і букі. Аднак рэканструкцыя дрэвастояў ідзе занадта павольна.

Якое рашэнне для лясоў і для клімату?

Публікуючы свае даследаванні ў часопісе „Science”, група навукоўцаў, у тым ліку праф. Яцэк Алексын, дырэктар Інстытута дэндралогіі Польскай акадэміі навук, паказалі, што шмат відаў дрэў прыносіць значна большы фінансавы прыбытак, чым адзіночныя віды. У той жа час такія лясы характарызуюцца найвышэйшай ступенню біяразнастайнасці і значна больш устойлівыя, чым лясы аднавідавыя. Вялікая біяразнастайнасць таксама больш эфектыўная ў назапашванні вугляроду ў атмасферы, што можа запаволіць змену клімату. Шматвідавыя дрэвастоі гарантуюць таксама больш эфектыўную абарону ад уздзеяння засухі ці паводкі.

Першачарговай задачай дзяржаўных лясоў павінна стаць падтрымка прыродных працэсаў, якія могуць прывесці да рэнатуралізацыі лясных месцаў пражывання і папулярызацыі біяразнастайнасці ў месцах, дзе да гэтага часу садзілі толькі адзін від дрэў. Гэтыя працэсы можна падтрымліваць не шляхам высечкі і выдалення мёртвага дрэва, а шляхам яго раскладання натуральным шляхам, што падтрымлівае працэс аднаўлення лесу.

(ciąg dalszy dostępny w wersji drukowanej lub w E-wydaniu Przeglądu Prawosławnego)

Міра Лукша

фот. аўтарка і Радаслаў Маціевіч

Odpowiedz