Home > Sami o sobie > Выбраны Віктар Швед

Выбраны Віктар Швед

22 кастрычніка памёр Віктар Швед, найстарэйшы наш беларускі пісьменнік, актыўны да апошніх дзён на ніве беларускай літаратуры. Віктар Швед быў першым жывым паэтам, якога я ўбачыла. На маё здзіўленне і захапленне – быў ён не на партрэце ў падручніку, а жывы стаяў перад маім класам і чытаў вясёлыя і сур’ёзныя вершы. Тады быў ён ва ўзросце дарослым (нам, малечам, тады здавалася, што ўсе, каму за дваццаць, ужо „старыя”, а ўзрост, скажам, сямідзесяціпяцігадовы здаваўся нават прэгістарычным!). Мы ўсе бачылі Віктара Шведа, чыталі яго вершы, і шмат хто мае ў сваёй хаце ягоную хоць адну кніжку, бо сустрэч з ім было праведзена больш за тысячу. Віктар Швед гэта эпоха, а не закасцянелыя даты і лікі. А нам, яго дзецям, унукам і праўнукам – засталося Яго слова.

Віктар Мікітавіч Швед – паэт, перакладчык, журналіст, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 23 сакавіка 1925 года ў вёсцы Мора непадалёк Гайнаўкі на Беласточчыне ў сялянскай сям’і. Закончыў Беларускі ліцэй у Бельску-Падляшскім, Акадэмію палітычных навук у Варшаве, аддзяленні журналістыкі і беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Доўгі час працаваў у варшаўскім выдавецтве „Ксёнжка і ведза”. Быў сузаснавальнікам Беларускага Літаратурнага Аб’яднання „Белавежа» (1958). Сябра Саюза Польскіх Літаратараў і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Перакладваў з беларускай, рускай, украінскай моў на польскую, з польскай – на беларускую.

Дэбютаваў 24 сакавіка 1957 г. вершам „Я – беларус” у тыднёвіку „Ніва”. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Апублікаваў 18 зборнікаў лірыкі і ўспамінаў („Жыццёвыя сцежкі” (1967), „Дзяцінства прыстань” (1975), „Дружба” (1976), „Мая зялёная Зубровія” (1990), „Родны схоў” (1991), „Вясёлка” (1991), „Wiersze wybrane” (1997), „Вершы Натальцы” (1998), „Выбраныя вершы” (2000), „Lata wiatr skrzydlaty” (2000), „Śmiech nie grzech” (2000), „Мае Айчыны” (2003), „Przеmijanie” (2006), „Смяшынкі” (2009), „Śmieszynki” (2010), „Адплываем з Мора” (2010).) «З горада ў Мора» (2020). У Беластоку выйшаў аўдыёбук «Гэты свет мяне зачараваў” – выбранае з паэзіі Віктара Шведа – першае выданне такога кшталту ў яго спадчыне – ягоныя вершы агучаныя па-беларуску і папольску, што зрабіла гэта праект унікальным для беларускай культуры Падляшша. Яго вершы ўвесь час друкаваліся на старонках тыднёвіка беларусаў у Польшчы „Ніва” і старонцы для дзяцей „Зорка”, дзе меў пастаянную рубрыку „Вершы Віктара Шведа”. Многія творы паэта пакладзены на музыку. Заслужаны дзеяч польскай культуры, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны – за актыўную дзейнасць па папулярызацыі беларускай культуры, мовы і літаратуры, значны асабісты ўклад у развіццё міжкультурных сувязей і ўмацаванне добрасуседскіх адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча (2015). Выхаваны на традыцыях беларускай класічнай літаратуры, паэтызаваў паўсядзённы побыт селяніна, повязь дзіцячых адчуванняў з гарманічным светам прыроды.

Столькі кніг для нас! Аб нас, і дзеля таго, каб не прапалі наша мова і наш народ! Напрыклад, кніга «Выбраныя вершы» ахоплівае падзеі чалавечага лёсу і даваенных, і пасляваенных пакаленняў беларускага насельніцтва беластоцкага краю. У ёй – водгук жыцця апошніх трох чвэрцяў ХХ стагоддзя, калі за кропку адліку ўзяць год нараджэння яе аўтара. Што ж адбылося за гэты час на Беласточчыне? Адгрымела другая сусветная вайна, канчаткова вызначыўшы межы Польшчы і Беларусі. Ці захавала насельніцтва гэтага краю свае звычаі, абрады, мову і песні? Нешта захавалася. Беларускія сяляне могуць яшчэ і паразмаўляць па-беларуску і паспяваць у застоллі свае спрадвечныя песні. А вось моладзь, іх дзеці і ўнукі, амаль не ведае ні сваёй роднай мовы, ні песень. Яна асімілявалася, і ў гэтым ёй памаглі яе бацькі, дзяды і бабулі. У беларусаў няма імунітэту ад асіміляцыі, ад разбурэння свайго нацыянальнага ўкладу жыцця і страты духоўнай спадчыннай культуры. Такімі зрабіў беларусаў на працягу некалькіх апошніх стагоддзяў іх гістарычны лёс. Беларусы ў Польшчы – нацыянальная меншасць, і асіміляцыя тут – з’ява як быццам што заканамерная (Я. Міклашэўскі, Душа паэта). І як апошняя кніга, якую прывезлі яму ад роднай «Нівы» тыдзень перад яго адыходам на нябесныя нівы. А гэта кніга ўспамінаў – і запавет.

Гэта другі том успамінаў пасля «З Мора ў горад». Першы том успамінаў – „З Мора ў горад” (2015) (рэдактар Лена Глагоўская) ахопліваў міжваенны час, другую сусветную вайну і пасляваенны перыяд да 1987 года. У першай кнізе успамінаў Віктар у першай частцы «У адроджанай краіне» апісвае сваё дзяцінства і навуку ў польскай школе ў Моры, а пасля ў Орлі. Апісаў сваіх бацькоў, брата і сясцёр, а таксама дваюраднага брата. Частка «У абарону роднага» паэт прыгадвае эпізоды з дзейнасці ў БГКТ, сустрэчы з Максімам Танкам, Уладзімірам Караткевічам, Піліпам Кізевічам, Яўгенам Аніськам, з амерыканскімі беларусамі. Аўтар апісвае таксама незвычайныя індывідуальнасці, якія сустрэў на дарозе свайго жыцця. Сярод іх знаходзім партрэты прафесара Васіля Белаказовіча, Міколы Гайдука, Пятра Ластаўкі, Кастуся Майсені, Мар’яна Пецюкевіча, Янкі Жамойціна. Успомніў таксама землякоў, якія пасля ІІ сусветнай вайны апынуліся ў Беларусі: Уладзіміра Казбярука, Яўгена Міклашэўскага, Серафіма Андраюка, Аляксея Карпюка. Прыпомніў ужо крыху прызабытых мастакоў: Міхася ЗабэйдуСуміцкага, Станіслава Казуру, Эдварда Гойліка, Земавіта Фядэцкага і Юзафа Рыбінскага. Пасляваенны перыяд Віктар Швед называе часам трывогі і надзеі. На занятай саветамі ў ліпені 1944 г. Беласточчыне пачалі аднаўляцца беларускія школы. У Гайнаўцы запрацавала беларуская гімназія, у якую паступіў аўтар успамінаў. Кіраваў ёй Васіль Бахар, абсальвент Наваградзкай беларускай гімназіі ў даваенны час. Навучаў ён беларускай мовы. Настаўніцкі склад быў даволі цікавы: Павал Сламянка, Зінаіда Грыцкевіч, Галена Панько, Людміла Панько, а. Серафім Жалезьняковіч, Георгій Голуб, Ціхан Антасюк, Васіль Літвінчык. Важным перыядам у жыцці Віктара Шведа стала паўстанне Беларускага Грамадска-культурнага Таварыства і заснаванне тыднёвіка «Ніва». «Ад 1 студзеня 1957 года быў прыняты ў рэдакцыю «Нівы» і працаваў тут да канца сакавіка 1958 года. Працаваў бы ў «Ніве» магчыма аж да пенсіі, калі б на ІІ З’ездзе БГКТ у Беластоку не выбралі мяне сакратаром Галоўнага праўлення на працяг двух гадоў. Вярнуўшыся ў Варшаву, працаваў я сакратаром Праўлення аддзела і быў штатным інспектарам ГП, адказным за працу Варшаўскага аддзела БГКТ. З 1965 да 1987 года працаваў я старшым рэдактарам Выдавецтва «Кніга і веды» ў Варшаве. У 1987 годзе выйшаў я на пенсію і пераехаў у Беласток, дзе пастаянна пражываю». У тоўстым томе „З горада ў Мора”, які ахоплівае чарговыя 30 гадоў, яго апошняй кнізе – ад часу калі Віктар Мікітавіч адышоў на пенсію, але не склаў рукі, аж да 2018 года. І хіба за гэты час зрабіў ён найбольш.

(ciąg dalszy dostępny w wersji drukowanej lub w E-wydaniu Przeglądu Prawosławnego)

Міра Лукша

фота аўтаркі

Odpowiedz