Home > Sami o sobie > Паміж Драгічынам i Антопалем

Паміж Драгічынам i Антопалем

У нашых палескіх вандроўках прапануем завітаць да Пярковіч, невялікай вёскі, распаложанай па дарозе з Драгічына ў Антопаль. Гэтая мясцовасць звязана, перш за ўсё, з беларуска-польскім, шляхецкім родам Віславухаў. Да сёння захаваўся іх палац ды парк вакол яго. Насупраць, праз дарогу, знаходзіцца мураваная Успенская царква. Сёлета яна адзначала 215 гадоў з часу пабудовы ды 30 гадоў адраджэння пасля камуністычнага пераследу. Юбілейныя ўрачыстасці прайшлі тут 4 кастрычніка, а ўзначаліў іх Архіепіскап берасцейскі і кобрынскі Іаан.

Першая драўляная царква ў Пярковічах была пабудаваная паміж 1576 і 1585 гадамі па ініцыятыве Пінска-Тураўскага епіскапа Кірыла (Цярлецкага). Паводле традыцыі мела гэтаму папярэднічаць з’яўленне на ліпе іконы Багародзіцы. Пасля гэтага была яна перанесена ў алтар храма ды праславілася шматлікімі цудамі.

Першы пярковіцкі храм пабудавалі на тэрыторыі цяперашняга парка, непадалёк двара. Значэнне царквы ўзрасло, калі ў 1596 годзе ўласнікам тутэйшага маёнтку стаў епіскап Кірыл. Пасля 1621 года яго цела было перапахавана з Луцка менавіта ў Пярковічы. Тут да 1980-ых гадоў, у храме, знаходзілася каменная, надгробная пліта, якую тады перанеслі ў Музей старажытнабеларускай культуры ў Мінску.

У 1766 годзе ўладальнікам Пярковіч стаў Зянон Віславух (1727-1805), падкаморый берасцейскі. З ім звязана будова цяперашняга, мураванага храма. Але пакуль да гэтага прыйшло, у верасні 1784 года Пярковічы наведаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ён у гэты час ехаў з Варшавы да Гародні, дзе меў прайсці сойм. Як адзначае “Дзённік” падарожжа, у нядзелю манарх „адразу пайшоў у рускую царкву на святую службу”, дзе яго прывітаў „рускі святар Бародзіч”.

У гадах 1788-1792 Зянон Віславух быў паслом Чатырохгадовага сойму. Пасля гэтага ён задумаў пабудаваць у Пярковічах касцёл. Аднак добры знаёмы Віславуха, Берасцейскі епіскап Іасафат Булгак пераканаў яго, што гэта павінен быць храм вуніяцкі. Будова пачалася прыблізна ў 1797 годзе.

Праз восем гадоў, 17 лістапада 1805 года храм быў пасвячаны. Са старой царквы былі перанесены тут астанкі епіскапа Кірыла. Пасля ў крыпце быў пахаваны і сам фундатар Зянон Віславух з сям’ёю. У 1839 годзе пярковіцкі прыход вярнуўся ў праваслаў’е.

Такі быў пачатак мураванай царквы ў Пярковічах, аднаго з цікавейшых помнікаў храмавой архітэктуры Палесся. Нягледзячы на драматычныя падзеі ХХ стагоддзя, калі ў гадах 1915- 1918 храм быў пакінуты з-за бежанства прыхаджан, а ў 1961- 1988 закрыты камуністычнымі ўладамі – ён ацалеў і да сёння служыць тутэйшым, набожным людзям.

(ciąg dalszy dostępny w wersji drukowanej lub w e-wydaniu Przeglądu Prawosławnego)

Дарафей Фіонік

фота з архіва прыхода

Odpowiedz